814

Журналіст Дзяніс Івашын з'яўляецца падазраваным па крымінальнай справе

15.03.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Затрыманы ў пятніцу, 12 сакавіка, журналіст Дзяніс Івашын з'яўляецца падазраваным паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса  — за "ўмяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў". 

Пра гэта ГА "БАЖ" паведаміла маці журналіста. У дачыненні да Дзяніса Івашына абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка прыкладна а 18-ай гадзіне, паводле відавочцаў, у кватэры, дзе ён пражывае. Перад гэтым да дома пад’ехаў сіні мікрааўтобус.

Да позняй ночы ў кватэры журналіста сілавікі праводзілі ператрус. Таксама ў той вечар вобшук зрабілі дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка прыйшлі з вобшукам да яго 95-гадовай бабулі.

— У хаце і на лецішчы правялі ператрусы, вымалі ўсе носьбіты інфармацыі: тэлефоны, ноўтбукі, камп'ютары, сім-карты, банкаўскія карткі, кнігі, нататнікі, запісы, грошы ды розную драбязу кшталту сцяжкоў, значкаў, візітак ды інш. Вельмі цікавіла ўсе, звязанае з Украінай, хоць у пастанове на ператрус згадваецца крымінальны артыкул нібыта за распаўсюд асабістай інфармацыі. Зараз Дзяніс знаходзіцца ў турме № 1 Гродна, — паведаміла жонка журналіста Вольга Івашына.

Дзяніса змясцілі ў следчы ізалятар.

Дзяніс Івашын займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты "Новы Час". Апошні яго матэрыял для "Новага Часу" быў пра тое, як былыя ўкраінскія "беркутаўцы" паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю.

Таксама ён з'яўляецца журналістам і  рэдактарам беларускай службы сайта "ІнформНапалм".

На сёння   ў зняволенні знаходзяцца 11 беларускіх журналістаў (Сяргей Гардзіевіч, журналіст "Першага рэгіёна", пад хатнім арыштам).

ГА "БАЖ" патрабуе неадкладнага вызвалення Дзяніса Івашына і ўсіх журналістаў!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!