НЕ - ВАЙНЕ!
1154

Журналіст Чары Аннамырадаў вызвалены з-пад варты ў Беларусі

14.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" паведамілі ў Генпракуратуры, што журналіст Чары Аннамырадаў вызвалены з-пад варты.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі, журналіст Чары Аннамырадаў "учора быў вызвалены з-пад варты і ўжо пакінуў межы Беларусі".

Нагадаем, 18 ліпеня 2016 г. былы туркменскі журналіст Чары Аннамырадаў, быў затрыманы беларускімі памежнікамі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск пры ўездзе ў Беларусь. Прычына затрымання — Чары знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, які абвешчаны ўладамі Туркменістана ў 2006 годзе.

Чары Аннамырадаў у сябе на радзіме займаўся журналісцкай дзейнасцю, — пісаў пра факты карупцыі, праводзіў расследаванні фактаў наркатрафіку ў краіне, якія пакрываліся ўладамі Туркменістана. За гэтую дзейнасць ён неаднаразова зведваў пераслед.

Таксама ад імя Рады грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" было адпраўленае хадайніцтва Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь з просьбай адмовіць у выдачы Туркменістану журналіста Чары Аннамырадава.

А на сайце Zvarot.by была размешчаная петыцыя з заклікам да калегаў падпісацца ў абарону Чары Аннамырадава. Зварот падтрымалі 267 чалавек.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!