221

Журналіст Андрэй Пачобут уганараваны ўзнагародай Эканамічнага форума ў Карпачы

10.09.2021 Крыніца: polskieradio.pl

Узнагароду ад імя зняволеных у турме Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута атрымалі прадстаўніцы Саюзу палякаў Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская.

Урачыстай цырымоніяй завяршыўся ў Карпачы 30-ы Эканамічны форум. Усяго было ўручана тры ўзнагароды: «Чалавек 2020 года», «Спецыяльная ўзнагарода эканамічнага форуму» і «Паланійная ўзнагарода». Прэміі атрымалі, адпаведна, прэм'ер-міністр Славеніі, грамадства Украіны і лідары Саюза палякаў Беларусі.

Узнагароду ад імя Анжалікі Борыс і журналіста Андрэя Пачобута атрымалі прадстаўніцы Саюза палякаў Ірэна Бярнацкая і Марыя Цішкоўская.

10 сакавіка сілавікі завялі крымінальную справу за правядзенне мерапрыемства ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута ў Берасьці. Тады затрымалі сузаснавальніка школы, 43-гадовага берасцейца, і дырэктарку Ганну Панішаву. Пазней стала вядома пра вобшукі ў Лідзе, Ваўкавыску і затрыманнях Ірэны Бярнацкай і Марыны Цішкоўскай. 23 сакавіка ў Гродне затрымалі Анжаліку Борыс, а яшчэ праз два дні, 25 сакавіка, — Андрэя Пачобута. Дома ў Пачобута адбыўся вобшук, а журналіста затрымалі. Ён праходзіць у «польскай справе», якую Генеральная пракуратура завяла «за распальванне рэлігійнай і нацыянальнай варожасці» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Цяпер Пачобут знаходзіцца ў жодзінскім СІЗА.

Усіх арыштаваных у «Польскай справе» праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава былі вызваленыя з-пад варты, яны выехалі ў Польшчу. Вярнуцца ў Беларусь яны цяпер не могуць. На мяжы ім далі падпісаць адпаведныя паперы.

Журналіст Андрэй Пачобут і кіраўніца Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс адмовіліся пісаць прашэнні аб вызваленні.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!