502

Журналіст Андрэй Фралоў: “Адчуваў сябе як ў цягніку Гародня-Уладзівасток”

20.05.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Увечары 19 траўня з Лідскага ізалятара часовага ўтрымання выйшаў на волю відэааператар-фрылансер Андрэй Фралоў.

Журналіст адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасля таго, як яго 4 траўня затрымалі на выездзе з Бярозаўкі. Супрацоўнікі ДАІ спынілі для праверкі яго мікрааўтобус, паводле іх звестак, машына нібыта знагодзілася “ва ўгоне”.

Андрэя Фралова завезлі ў Лідскі РАУС, дзе праз некаторы час ён быў затрыманы на 72 гадзіны. Пасля гэтага ў судзе Лідскага раёна адбыўся суд, дзе журналіста асудзілі паводле артыкулаў 23.5 КаАП (Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) і 24.3 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа) — 30 базавых штрафу і 15 сутак арышту адпаведна.

Пасля суда Андрэя Фралова змясцілі ў мясцовы ІЧУ, дзе палову прызначанага тэрміну зняволення ён прасядзеў адзін.

Пра свае ўтрыманне за кратамі Андрэй распавядае як пра прыгоду:

— Гэта было як ў дзіўным цягніку Гародня-Уладзівасток, калі першы тыдзень ты едзеш адзін, а потым пачынаюць падсаджваць пасажыраў. То аднаго, то другога — усяго на суткі. Не даюць ніякіх перадач. Я ведаў, што жонка мне іх перадавала, і бачыў, што ў ІЧУ іх атрымлівалі, але на рукі нічога не атрымаў. Кажу: “Перадайце мне сок, што перадала жонка”, кантралёр адказвае: “Не паложана” і сыходзіць. За ўвесь час знаходжання за кратамі перадалі толькі ручнік і зубную шчотку з пастай”.

Журналіст сем дзён трымаў галадоўку з прычыны ўмоваў ўтрымання ў камеры.

— Палітычным тое “не паложана”, гэта “не паложана”, матрас забіраюць, сядзець на нарах — “не паложана”. Увесь час гучыць савецкая музыка 80-х”, —  кажа Андрэй Фралоў.

Машына журналіста знаходзіцца ў Лідзе на праверцы, таксама ў яго забралі флэш-карту з відэакамеры, а саму камеру вярнулі.

Пасля “сутак” у Лідзе журналіст вярнуўся дадому ў Гродна. Плануе некалькі дзён адаспацца і вярнуцца да працы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!