331

Журналіст Алег Груздзіловіч пакараны 15 суткамі арышту за «ўдзел» у акцыі пратэсту

12.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Алег Груздзіловіч удзельнічаў ў працэсе праз Skype. Сам ён знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

Працэс па адміністрацыйнай справе (арт. 23.34 КаАП) праходзіў у судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Суддзя — Марына Ярохіна, паведамляе "Радыё Свабода".

Журналіста Алега Груздзіловіча асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка, якую ён асвятляў. ​Ён сцвярджае, што працаваў там як журналіст па заданні газеты «Народная воля», меў на сабе камізэльку з надпісам «Прэса» і журналісцкае пасведчанне.

Але аргументы абароны не былі прынятыя да ўвагі. І вядомага рэпарцёра Алега Груздзіловіча пакаралі арыштам на 15 сутак.

Алега Груздзіловіча вечарам 10 лістапада міліцыянты забралі проста з дома. Яны прыйшлі а 19.30 у кватэру Груздзіловіча і прадэманстравалі яму здымкі з акцыі пратэсту 25 кастрычніка ў Мінску, на якіх ён быў. «Сказалі, што трэба нешта яшчэ ўдакладніць і адвезьлі яго ў Фрунзенскае РУУС, дзе яго нібыта чакае ўчастковы»,— паведаміла жонка Алега Мар’яна.  У выніку журналіста змясцілі ў ІЧУ.

Алег Грузділовіч у перапынку распавёў,  што спачатку іх было 8 чалавек у камеры на шасцёх. Спалі па чарзе, дзяліліся рэчамі. Пасля хлопцам падавалі па 14 сутак і адвезлі ў Жодзіна, яны засталіся ўтрох. Пра ежу сказаў, што кормяць «ніяк».

Алег нагадаў жонцы Мар'яне, што 24 лістапада ў іх 41 год шлюбу, а жонка сказала, што сёньня ўжо павіншавала ўнучку, якой споўнілася 7 месяцаў. У Алега і Марʼяны чацьвёра ўнукаў.

Алег Груздзіловіч — вядомы беларускі журналіст, рэпарцёр, спецыялізуецца ў праваабарончай тэматыцы, 25 гадоў адпрацаваў карэспандэнтам "Радыё Свабода", меў акрэдытацыю МЗС да 29 жніўня 2020 года, калі ўлады пазбавілі права на працу журналістаў шэрагу медыя. Алег працягнуў супрацу з незалежнымі беларускімі СМІ. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро».

Цяпер адміністрацыйныя арышты адбываюць 16 журналістаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!