255 0

Жукоўскаму прысудзілі штраф. Журналіст пра судовы працэс не ведаў

10.08.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага аштрафавалі шосты раз у гэтым годзе. Сума штрафаў — 5 865 рублёў

Суддзя суда Буда-Кашалёўскага раёна Уладзімір Пракапенка аштрафаваў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на 35 базавых велічыняў (805 рублёў) за незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага тэлеканала “Белсат”.

“Суд быў яшчэ 3 жніўня, а я толькі даведаўся пра штраф. Сакратарка тлумачыла, што мне нібыта дасылалі СМС-паведамленне, якога я насамрэч не атрымліваў. Копію адміністрацыйнага пратакола даслалі з міліцыі,  і я сам патэлефанаваў у суд, каб даведацца, на калі прызначана судовае пасяджэнне. Аказваецца, ужо аштрафавалі”, — паведаміў Службе маніторынгу БАЖ  фрылансер Жукоўскі.

У чэрвені  Жукоўскі з калегам запісалі меркаванне жыхароў  вёскі Краснагорск Буда-Кашалёўскага раёна, якія, жывучы па суседству са свінакомплексам, пакутуюць ад невыноснага паху. Гэта прыйшлося не даспадобы мясцовым уладам, і наўздагон паляцеў адміністрацыйны пратакол.

Старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Антоненка абвінаваціў фрылансера ў парушэнні часткі 2, артыкула 22.9 КаАП:

“Жукоўскі, не маючы акрэдытацыі  на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ, ажыццявіў інтэрв’юраванне жыхароў вёскі Краснагорск Буда-Кашалёўскага раёна (згаданы тры прозвішчы), пасля чаго матэрыял быў прадэманстраваны на тэлеканале польскага спадарожнікавала тэлебачання “Белсат”.

Такі чынам, сёлета Жукоўскага ўжо пяць разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за журналісцкую дзейнасць. 

Яшчэ адзін пратакол разгледзеў і вынес штраф паводле артыкула 23.32 КаАП  намеснік начальніка Гомельскай мытні, прызнаўшы  фрылансера вінаватым у незаконным фатаграфаванні на тэрыторыі памежнага перахода «Новая Гута».

Агульная сума штрафаў  Жукоўскаму склала 5 865 рублёў.

Каментары