1239

Жанна Літвіна атрымала прэмію Фонда Эберта / Берлін, 12.12.2008 г.

12.12.2008 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 

12 снежня ў Берліне адбылося ўручэнне прэміі Фонда імя Ф. Эберта старшыні ГА «БАЖ» ­Жанне Літвіной.

Цырымоніі папярэднічала прэс-канферэнцыя для нямецкіх журналіс­таў, якая праходзіла ў буд­ынку Фонда Эберта. Сустрэча доўжылася каля гадзіны, пасля чаго распачалася тэматычная дыскусія з уд­зелам Жанны Літвіной, старшыні Фонда імя Ф. Эберта Анке Фукс і іншых прадстаўнікоў арганізацыі, дзейнага і былых амбасадараў АБСЕ ў Беларусі, прадстаўнікоў шэрагу міжнародных праваабарончых арганізацый. Дыскусію вёў кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонда Эберта ва Ўкраіне і Белару­сі Штэфан Хробат.

 «Мы ў Германіі жывем у бяспечным грамадстве, але гэта не значыць, што нам не трэба змагацца за свабоду слова. Нават у самых высокаразвітых краінах над ёй могуць паўстаць пагрозы, таму дэмакратыя — гэта няспыннае дзеянне», — зазначыла падчас дыскусіі Анке Фукс.

Жанна Літвіна распавяла пра сённяшняе становішча беларускіх СМІ, адзначыўшы пэўныя зрухі да лепшага — у прыватнасці, вяртанне «Нашай Нівы» і «Народнай волі» ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду. Разам з тым, яна перасцерагла ад празмернага аптымізму ў ацэнках сітуацыі, бо глабальных зменаў не адбылося.

З ёй пагадзіліся прадстаўнікі міжнародных арганізацый. «Прылёт адной ластаўкі яшчэ не азначае надыходу вясны», — зазначыла прадстаўніца германскага аддзялення Human Rights Watch Марыяна Хоэваген.

Пасля дыскусіі Анке Фукс уручыла прэмію Фонда Эберта Жанне Літвіной. Адным з першых старшыню БАЖ павіншаваў прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Бандэнбург Маціяс Плацэк.

 «Я рас­цэньваю ­гэтую ўзнагароду як падтрымку незалежнай журналістыкі Беларусі, — падкрэсліла Жанна Літвіна, выступаючы пасля ўручэння. — Прэмія сведчыць пра тое, што мы не адзінокія ў адстойванні прынцыпаў і правоў беларускіх грамадзян на атрыманне аб’ектыўнай, сумленнай інфармацыі… Гэта знак таго, што, наладжваючы дыялог, еўрапейскія інстытуты не збіраюцца ахвяраваць такімі каштоўнасцямі, як правы чалавека».

Пасля заканчэння фармальнай часткі цырымоніі намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец выканаў перад гасцямі вечарыны ўласныя песні пад гітару.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!