Аўтарская калонка

Жанна Кромер: Усё — Трамп?

05.09.2018 Аўтарская калонка Жанны Кромер 517 0

Неяк так склалася, што навіны, якія апошнім часам далятаюць да Еўропы з ЗША, так ці інакш звязаныя з прэзідэнтам Трампам. Гэта зразумела, бо такога экстравагантнага (скажам мякка) прэзідэнта Новы Кантынент даўно не бачыў.

Прапануем вам шэраг медыйных рэсурсаў, калі ў вас ёсць жаданне знаёміцца з цікавай і рознабаковай інфармацыяй пра сучасную Амерыку.

У ЗША адбываецца раскол не толькі грамадства, але і медыя. Умоўна кажучы, дэмакраты глядзяць CNN і MSNBC, рэспубліканцы — Fox News.

Заходняя Еўропа пужаецца і глядзіць на спадара Дональда, як на пудзіла. Бо той выказваецца як сэксіст, расіст, шавініст і выганяе журналістаў з прэс-канферэнцыяў.

Думаю, мы — беларусы, лёгка можам адчуць сябе ў ролі амерыканцаў і паспачуваць ім. Бо нас у свеце дык увогуле, на жаль, часта ведаюць толькі як краіну, дзе ёсць Лукашэнка. Але ж мы — не толькі ён, не толькі пагроза дэмакратыі, трасянка і абдымкі з суседнімі дыктатарамі. І канешне ж, такая разнастайная і вялікая краіна, як ЗША, не можа быць толькі Трамп ці анты-Трамп.

Новыя фарматы амерыканскіх медыяў прабіваюць сабе шлях да аўдыторыі ў тым ліку і на тле экстрэмальна палітызаваных старых медыяў. Больш за 90 % амерыканскіх прадпрымальнікаў, напрыклад, кажуць, што атрымліваюць інфармацыю з навасных рассылак на E-mail.

Набіраюць папулярнасць падкасты. У 2018 годзе іх слухае кожны чацвёрты амерыканец.

Жанна Крёмер: Подкастинг воскрес

Калі ў Вас, калегі, ёсць жаданне знайсці цікавую інфармацыю пра сучасную Амерыку, нямецкая экспертка па камунікацыях Мірыям Штэгхер раіць наступныя дзесяць крыніцаў:

1. Politico

Інтэрнэт-старонка існуе ўжо тры гады і мае штодзённую аўдыторыю ў некалькі мільёнаў чытачоў. Тут няма навінаў пра культуру і спорт, імя задае галоўную і адзіную тэму — палітыка. З большага размова ідзе пра ЗША і Еўропу, аднак апошнім часам рэдакцыя, якая знаходзіцца ў Брусэлі, больш матэрыялаў дае пра Азію.

2. Axios

Гэта рассылка пра медыя, тэхніку і кароткія, але якасныя, агляды навінаў.

3. FiveThirtyEight

Выдавец гэтай старонкі Нэйт Сільвер у 2009 годзе быў названы Time Magazine адным са ста самых уплывовых людзей у свеце. Спадар Сільвер распрацаваў методыку апрацоўкі статыстычных дадзеных, якая дазваляе вельмі дакладна прадказваць вынік такіх падзеяў, як спартыўныя спаборніцтвы і палітычныя выбары. Назва сайта літаральна азначае 538 — колькасць дэпутатаў, якія выбіраюць амерыканскага прэзідэнта. Сайт прысвечаны лічбам, дадзеным у палітыцы і статыстыцы. Ёсць спартовы і палітычны падкасты.

4. Nieman Lab

Німан-фонд даўно зарабіў сабе імя на тым, што падтрымлівае авангард журналістыкі, раздае стыпендыі і фінансуе развіццё тэхнічнага прагрэсу ў нашай прафесіі. На сайце Nieman Lab можна падпісацца на рассылку The Digest на лепшыя артыкулы самога сайта і з іншых крыніцаў на тэму развіцця журналістыкі.

5. New York Times: The Daily

Самы паспяховы навасны падкаст Амерыкі. Журналіст Міхаэль Барбаро запрашае аўтараў самых цікавых артыкулаў і абмяркоўвае з імі іх тэксты.

6. Washington Post: The Post Most

Пад гэтым імем аб'яднаныя 66 рассылак навінаў на розныя тэмы — ад палітыкі і рэлігіі да бацькоўства. Хто паспее «засумаваць» па сорак пятым прэзідэнце ЗША, мае магчымасць слухаць падкаст, які прысвечаны адзіна і выключна Дональду Трампу.

7. Ana Navarro

Ана Наварро вельмі цікавая персона. Яна былая дарадчыца рэспубліканцаў, аднак і вялікая апазіцыянерка да Трампа. Настолькі, што галасавала ў 2016 годзе за Хілары Клінтан і заклікала іншых рабіць гэтак сама. Сёння яе Твітар, за якім сочаць амаль 1 000 000 падпісчыкаў, прысвечаны крытыцы разнастайных медыяў і вельмі добра паказвае сацыяльны і палітычны раскол у ЗША.

8. NPR Politics

Нацыянальнае публічнае радыё абʼядноўвае ў сабе розныя рэгіянальныя, некамерцыйныя радыёстанцыі. Яны мала закранаюць палітыку,  маюць больш за 14 мільёнаў слухачоў. Можна слухаць у якасці падкастаў.

9. Dan Rather

Дэн Рэтэр адзін з самых вядомых амерыканскіх журналістаў. Гэта ён першы паведаміў пра смерць Джона Ф. Кенэдзі і браў інтэрвʼю ў Саддама Хусэйна на тэму зброі масавага знішчэння. Сёння яму 86 год, ён мае каля трох мільёнаў падпісчыкаў на Facebook і кіруе медыя-агенцыяй News and Guts.

10. Jerry Saltz

Джэры Зальц — мастацкі крытык часопіса New York Magazine. У 2018 годзе ён атрымаў Пуліцэраўскую прэмію за крытыцызм. Яго аккаунт у інстаграме будзе карысны для тых, хто цікавіцца мастацтвам і палітычнай карыкатурай.

Каментары