465

Жанчыны ў службе таксі і МНС, мужчына-даяр. Маладзечанская філія БАЖ працягвае серыю "Разбураем гендарныя стэрэатыпы"

30.10.2019 Крыніца: Ігар Палынскі, Настасся Уткіна

Як працаваць жанчыне ў службе таксі, як мара дзяўчынкі стаць баявым лётчыкам прывяла да працы ў МНС і як мужчыне працаваць даярам у жаночым калектыве. Пра гэта гутарылі падчас другой сустрэчы з серыі "Разбураем гендарныя стэрэатыпы", якую зладзіла  Маладзечанская філія ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

У сустрэчы прынялі ўдзел інспектар Маладзечанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Ксенія Таратута, таксіст Святлана Набокава і даяр Яўген Магала. Святлана Набокава працуе ў таксі з чэрвеня гэтага года. Яна прызнаецца, што ў яе заўсёды была цікавасць да машын. З дзяцінства займалася мотакросам, а ў дзевяностых прыганяла аўтамабілі з Еўропы. Потым адкрыла мэблевы бізнес, але праз нейкі час закрыла яго. Працу таксіста Святлане параіла дачка.

— Мамы могуць дазволіць адправіць дзіця на таксі ад сябе да бабулі. Таму што раней, калі з хлопцамі-кіроўцамі, то заўсёды ў суправаджэнні. А калі жанчына пад'язджае, то спакойна, — кажа Святлана Набокава.

Яўген Магала працуе даяром у сельскай гаспадарцы чатыры гады. Ён адразу прызнаецца, што прыйшоў у прафесію з-за жылля, якое давала прадпрыемства. Яўген лічыць, што незалежна ад полу можна стаць лепшым у прафесіі, якую ты абраў:

— Спачатку былі нейкія касыя позіркі: ну, ты пайшоў на жаночую прафесію. А цяпер няма, нармальна.

Ксенія Таратута марыла стаць баявым лётчыкам, але падчас медкамісіі ёй параілі забыцца пра гэту думку. Тады з’явіўся варыянт з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Цяпер яна — інспектар Маладзечанскага ГРАНС, праводзіць праверкі і маніторынгі. У аддзеле разам з Ксеніяй працуюць чатыры жанчыны. А калі яна толькі прыйшла працаваць, то была першай жанчынай-інспектарам у Маладзечне.

— У любым выпадку, калі ты працуеш на пасадзе, якая дазваляе табе стаць вышэй па званні, ты атрымаеш гэта званне. Ёсць жанчыны ў міністэрстве, ёсць жанчыны-палкоўнікі, жанчыны-падпалкоўнікі, гэта значыць — усё магчыма. У нас няма жанчын і мужчын на працы — усе работнікі МНС аднолькавыя, — пераконвае Ксенія Таратута.

Спікеры адзначылі, што ў сучасным свеце не варта дзяліць прафесіі на мужчынскія і жаночыя. Кожны можа стаць тым, кім ён хоча, і гендарныя стэрэатыпы ў грамадстве гэтаму не перашкодзяць.

https://www.youtube.com/watch?v=M1ofc4h_8LY

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!