425

Жабінкаўскі суд завочна пакараў штрафам журналістаў Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву

22.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Нагодай для пакарання стала абвінавачанне ў працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі, а менавіта рэпартаж з вёскі Азяты Жабінкаўскага раёна, які выйшаў у эфіры тэлеканала “Белсат” сёлета напрыканцы жніўня. Суддзя Жабінкаўскага райсуда Дзмітрый Куроўскі 16 кастрычніка прызнаў журналістаў-фрылансераў Ляўчука і Харытонаву вінаватымі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч. 2 арт. 22.9 КаАП).

Сюжэт быў прысвечаны таму, як мясцовыя ўлады хаваюць выпадкі, калі ў раёне масава гінуць свінні. Даведаўшыся пра нечаканы прыезд журналістаў у вёсцы даволі хутка з’явілася міліцыя, а пасля і АМАП, але Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава пазбеглі затрымання.

Пазней супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС некалькі разоў “палявалі” на брэсцкіх фрылансераў, каб скласці на іх пратакол, і ў выніку ўручылі гэты дакумент падчас бацькоўскага сходу.

Непасрэдна на суд у Жабінку журналісты не паехалі і ўвечары 19 кастрычніка даведаліся, што пакараныя штрафам: Алесь Ляўчук – на 50 базавых велічынь (1225 рублёў), Мілана  Харытонава – на 20 базавых велічынь (490 рублёў).

Паводле слоў Алеся Ляўчука, ціск на яго і Мілану Харытонаву ўзмацніўся цягам апошніх двух месяцаў і гэта можа сведчыць, пра тое, што ўлады пачынаюць адпрацоўваць новыя палажэнні Закона аб СМІ.  “Акрамя таго, відавочна, што ў Беларусі рыхтуюцца нейкія палітычныя падзеі, пры падрыхтоўцы да якіх улады спрабуюць усталяваць поўны кантроль над незалежнымі носьбітамі інфармацыі”, – адзначыў Алесь Ляўчук.