2441

Збітыя міліцыяй журналісты Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў здымаюць пабоі. Міністр МУС Шуневіч абяцае разабрацца

22.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Затрыманні журналістаў

Затрыманыя ў аўторак у Лоеве (Гомельская вобласць) незалежныя журналісты Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанкаў былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі, напісалі заяву ў Следчы камітэт і цяпер накіроўваюцца здымаць пабоі.

Пра гэта прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” паведаміў адзін з затрыманых Кастусь Жукоўскі.

Па словах Жукоўскага, 21 чэрвеня ў Лоеве яны з калегам здымалі будынкі мясцовага цагельнага завода. У часе здымак іх спачатку спынілі супрацоўнікі ДАІ, а затым з прымяненнем сілы затрымала мясцовая міліцыя. У часе гэтых падзеяў была пашкоджана відэакамера.

– Міліцыянты даставілі нас у пастарунак, дзе пратрымалі шэсць гадзін. За гэты час з нас здзекваліся, выкручвалі рукі, клалі на падлогу і ставілі ногі нам на галаву, пагражалі расправай. Некалькі раз пачыналі складаць адміністрацыйныя пратаколы, але ў выніку ніякіх дакументаў не прадаставілі. Таму на дадзены момант мы нават не ведаем, ці абвінавачваюць нас у чымсьці.

На мой погляд, ніякага загаду зверху ў міліцыянтаў не было – проста мясцовае свавольства, якое ў любой прававой краіне пацягнула б за сабой сур’ёзныя турэмныя тэрміны. Нас вызвалілі каля дзявятай гадзіны вечара, пасля чаго Аляксей Атрошчанкаў напісаў у Следчы камітэт заяву пра прыцягненне міліцыянтаў да адказнасці. Зараз мы з Аляксеем скіроўваемся здымаць пабоі, – расказаў Жукоўскі прэс-службе ГА “БАЖ”.

"Любая інфармацыя аб супрацьпраўных дзеяннях нашых супрацоўнікаў будзе праверана. У тым ліку і па гэтым выпадку. Мы ні адно такое паведамленне не пакідаем без увагі. У тым ліку дадзім ацэнку гэтым фактам. Наступалі на галаву, не наступалі... Ведаеце, на мой погляд не было ніякіх прычын супрацоўнікам органаў унутраных спраў так дзейнічаць. Я вельмі спадзяюся, што так яно і было", — пракаментаваў для "Еўрарадыё" сітуацыю міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Незалежнага журналіста з Гомеля Кастуся Жукоўскага сёлета ўжо 7 разоў судзілі за працу без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Агульная сума штрафаў журналістам у Беларусі па гэткіх абвінавачаннях сёлета склала ўжо больш за 70 мільёнаў рублёў.

Таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сёлета вядома ўжо пра 9 выпадкаў затрымання журналістаў падчас выканання прафесійных абавязкаў у Беларусі.