986 0

Збітага падчас выбараў журналіста Андрэя Козела аштрафавалі на 735 рублёў

07.03.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Паводле міліцыі, журналіст “Белсата” Андрэй Козел незаконна здымаў працэдуру падліку галасоў на мясцовых выбарах, а потым адмовіўся пакінуць памяшканне на патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/4_sud_andrus_kozel_17022018_zam_tutby_phsl.jpg

12:26 Суддзя Іван Касцян прызнаў журналіста Андрэя Козела вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (23.4 КаАП Беларусі). І пакараў яго штрафам у 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

11:55 У судзе абвешчаны перапынак для вынясення рашэння.

11:50 Пасля даследавання пісьмовых матэрыялаў справы адвакат Сяргей Зікрацкі падсумаваў сабраныя доказы: «Відавочна, патрабаванні спыніць відэазапіс былі незаконнымі, бо Выбарчы кодэкс гэтага не забараняе. Адпаведна і патрабаванне пакінуць участак было незаконным. Дзеянні Козела былі абсалютна законнымі».

11:35 У судзе праглядзелі відэазапіс, які журналіст рабіў на выбарчым участку ў дзень галасавання. На відэа бачна, як міліцыянт патрабуе ад Козела спыніць запіс і прыбраць тэлефон.

Козел некалькі разоў просіць міліцыю прадставіцца і патлумачыць прычыну забароны. Праз вельмі кароткі час журналіста пачынаюць выводзіць з залі і запіс перарываецца.

11:10 Суд апытвае Францішка Дзядова — яшчэ аднаго назіральніка, які быў на выбарчым участку: «Камісія хацела забараніць Козелу весці здымкі, але старшыня не прывяла ніякага ўцямнага заканадаўчага абгрунтавання. Пачаўся падлік галасоў. Я прапанаваў падлічваць галасы галосна і адкрыта, але ў гэтым адмовілі.

Я заўважыў два парушэнні з боку камісіі і напісаў дзве скаргі. Пакуль я пісаў скаргі, увага міліцыі пераключылася на Козела. Супрацоўнік міліцыі запатрабаваў, каб журналіст пакінуў памяшканне.

Пасля гэтага Козела ўзялі пад рукі і з заламанымі рукамі павялі на выхад. Пачуўся звон разбітага шкла.

Я хацеў зрабіць некалькі здымкаў на ўчастку, але старшыня камісіі папярэдзіла: «Будзеш ляжаць, як ён!»

10:50 Суд паўторна апытаў супрацоўніка міліцыі Уладзіслава Бушынскага. Міліцыянт паўтарыў паказанні, якія даваў раней: паступіў у распараджэнне старшыні камісіі, спрабаваў вывесці журналіста з памяшкання, прымяніў сілу.

10:30 Суд паўторна апытаў журналіста наконт здарэння 18 лютага. Козел яшчэ раз усё падрабязна паўтарыў: назіраў на ўчастку, быў незаконна затрыманы, збіты, дастаўлены ў міліцыю.

Як высветлілася, у суд прыйшла намесніца старшыні выбарчай камісіі з участка, дзе затрымалі журналіста. Але яна сядзіць у залі падчас апытання Козела, таму ў якасці сведкі суд ужо не зможа яе дапытаць.

10:15 Адвакат і журналіст чарговы раз заявілі хадайніцтва дазволіць здымаць фота і відэа падчас працэсу. Суддзя хадайніцтва адхіліў.

10:12 Суддзя зачытаў новы пратакол супраць Козела. Журналіст па-ранейшаму віну не прызнае і гаворыць, што заканадаўства не парушаў.

10:08 Суд пачаўся. Справу па-ранейшаму разглядае суддзя Іван Касцян. Журналіста абараняе адвакат Сяргей Зікрацкі. У суд выклікалі сведку па справе Таццяну Новікаву — старшыню выбарчай камісіі. Менавіта яна загадала выдаліць Козела з участка. Але ў суд Новікава не прыйшла.

***

Інцыдэнт адбыўся ў фінальны дзень выбарчай кампаніі на адным з участкаў у Мінску, дзе журналіст прысутнічаў у якасці даверанай асобы аднаго з кандыдатаў і вёў відэатрансляцыю падліку галасоў на сваю старонку ў Facebook.

— Старшыня камісіі запатрабавала пакінуць участак, але я працягваў, бо назіраць і здымаць падлік галасоў не забаронена заканадаўствам. Тады супрацоўнікі міліцыі выцягнулі мяне сілай, маёй галавой разбілі шкляныя дзверы ўчастка і працягвалі збіваць у калідоры, — расказаў Андрэй Козел.

Супраць журналіста склалі адміністрацыйны пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і першы раз паспрабавалі судзіць на наступны дзень пасля затрымання.

На судзе міліцыянт Уладзіслаў Бушынскі заявіў, што не ведае выбарчага заканадаўства і толькі выконваў патрабаванне старшыні выбарчай камісіі. Пасля гэтага суддзя адправіў справу на дапрацоўку, а журналіста вызваліў.

З асуджэннем затрымання і збіцця Козела выступіла ўплывовая міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў”.

— Я не чакаў, што пасля такога міжнароднага розгаласу ўлады захочуць працягваць справу. Але Ігар Шуневіч ужо паспеў падзякаваць падначаленым за “прафесіяналізм” на выбарах, таму пратакол дапрацавалі і зноў накіравалі ў суд.

Там так і напісана, што я парушаў таямніцу падліку галасоў. Хоць гэта працэдура ёсць і проста абавязана быць галоснай на выбарах, — гаворыць Козел.

Фота Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Каментары