264

Заява Каардынацыйнага камітэта БНП ФГС УП з нагоды парламенцкай выбарчай кампаніі 2019 года ў Рэспубліцы Беларусь

22.11.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга Партнёрства, у межах якой аб’яднаныя больш за 80 арганізацыяў грамадзянскай супольнасці Беларусі, грунтуючыся на:

- заяве аб папярэдніх высновах і заключэннях Місіі міжнародных назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе,

- аналітычнай справаздачы грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за вольныя выбары”,

- прамежкавых справаздачах кампаніі назірання “Права выбару 2019”,

- маніторынгу асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў, праведзеным ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, 

лічыць, што працэс выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання не адпавядаў патрабаванням міжнародных стандартаў і нацыянальнаму заканадаўству.

 

У прыватнасці:

- У склад выбарчых камісіяў не былі ўключаныя большасць заяўленых прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый і незалежных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці.

- Пераважна апазіцыйныя прэтэндэнты атрымалі адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ці іх рэгістрацыя была скасаваная выбарчымі камісіі паводле фармальных прычынаў.

- Адсутнічалі роўныя ўмовы доступу ўсіх кандыдатаў да дзяржаўных СМІ.

- Працэдура датэрміновага галасавання засталася непразрыстай, адзначаліся факты доступу невядомых людзей у памяшканні аднаго з выбарчыў участкаў у начны час і спробы ўкіду бюлетэняў. Адзначаныя факты прымусу выбарнікаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.

- Працэдура падліку галасоў засталася непразрыстай для назіральнікаў.

- Адзначаныя факты чынення перашкодаў у працы журналістам незалежных СМІ.

Сыходзячы з фактаў, якія прыведзеныя вышэй, Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы форуму грамадзянскай супольнасці:

- заяўляе аб непрызнанні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання дэмакратычнымі, свабоднымі і адкрытымі;

- выказвае шкадаванне ў сувязі з тым, што Беларусь не скарысталася шанцам наблізіцца да міжнародных стандартаў правядзення выбараў;

- заклікае беларускія ўлады выканаць усе рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і Парламенцкай асамблеі Савету Еўропы;

- заклікае кіраўніцтва Еўрапейскага Саюзу і Еўрапейскай камісіі стала замацаваць пытанне правядзення выбараў у Беларусі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў павестках двухбаковых (каардынацыйная група ЕС-Беларусь і Дыялог па правах чалавека) і шматбаковых сустрэчаў у межах Усходняга партнёрства.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!