285 0

Заява Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БАЖ” у падтрымку журналістаў і блогераў

07.08.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Мы, сябры Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БАЖ”, канстатуем узмацненне ціску з боку ўладаў на незалежных журналістаў і блогераў, якіх пераследуюць за матэрыялы і выказванні ў сацыяльных сетках.

7 жніўня адбыўся ператрус на офісах ТАА «Тутбай Мэдыя» і інфармацыйнай агенцыі БелаПАН. Акрамя таго, затрымалі рэдактараў парталу TUT.BY Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, Улляну Бабаед і Галіну Уласік, а таксама супрацоўніцу інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Таццяну Каравянкову. Дома ў журналістаў прайшлі ператрусы.

У ліпені, пры спробе паўдзельнічаць у выязным пасяджэнні Акцябрскага выканкама, затрымалі блогера і сябра Гомельскай філіі БАЖ Андрэя Павука. Яго абвінавацілі ў незаконнай супрацы з польскім тэлеканалам “Белсат”.

У Гродне міліцыя правяла ператрусы на кватэрах у журналістаў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса. Журналістаў абвінавачваюць у абразе і працы без акрэдытацыі.

У ліпені ў судзе Савецкага раёна Гомеля разглядаўся пазоў дырэктара школы №3 Ніны Старажэнкі ў дачыненні да блогера Арцёма Шапарава. Кіраўніца адукацыйнай установы палічыла, што блогер абразіў яе ў сваім відэасюжэце, аднак у міліцыі справу перакваліфікавалі ў прапаганду і распаўсюд нацысцкай сімволікі (артыкул 17.10 КоАП).

На журналістку з Бярозы Тамару Шчапёткіну і брэсцкага журналіста Яўгена Скрабца завялі адміністрацыйныя справы, у якіх абвінавачваюць журналістаў у парушэнні заканадаўства за супрацоўніцтва з Беларускім Радыё Рацыя без акрэдытацыі.

За рэпост у Фэйсбуку міліцыя пачала праверку ў дачыненні да сябра Гомельскай філіі БАЖ Леаніда Судаленкі. Апроч гэтага, выклікае занепакоенасць у журналісцкай супольнасці адвольная трактоўка праваахоўнымі органамі артыкула 22.9 КоАП “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”, у выніку чаго журналістаў-фрылансераў неабгрунтавана прыцягваюць да адказнасці за “незаконны выраб прадукцыі СМІ”. Сярод прыцягнутых да адказнасці па гэтым артыкуле — гомельскія журналісты Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова, журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач, Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, Кацярына Андрэева і яшчэ з дзясятак нашых калегаў.

Гомельская філія БАЖ выказвае салідарнасць з журналістамі і блогерамі. А таксама выказвае занепакоенасць у сувязі з частымі выпадкамі іх пераследу.

Мы лічым дадзеныя выпадкі чарговай спробай уладаў кантраляваць інфармацыю і праявай палітычнага ціску на незалежных журналістаў і блогераў. Заклікаем спыніць пераслед нашых калег і прытрымлівацца нормаў Канстытуцыі РБ, якая гарантуе “свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне” (артыкул 33 Канстытуцыі РБ).

Сябры Гомельскай гарадской арганізацыі ГА "БАЖ"

Каментары