2961

Заява ГА "БАЖ" да 15-й гадавіны знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага

07.07.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

Сёння спаўняецца пятнаццаць гадоў з трагічнага моманту, калі пры нявысветленых абставінах знік наш калега, сябра грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў", аператар Дзмітрый Завадскі.

Усе гэтыя гады праваахоўныя органы Беларусі так і не далі адказу на пытанні: хто быў арганізатарам і выканаўцам гэтага злачынства, што насамрэч здарылася з Дзмітрыем, дзе шукаць яго сляды?

У няведанні застаюцца яго родныя, блізкія сябры, усе сумленныя грамадзяне краіны, каму неабыякавы лёс Завадскага і іншых беларускіх журналістаў, што загінулі пры нявысветленых абставінах.

Крымінальную справу па факце знікнення Дзмітрыя Завадскага неаднаразова прыпынялі і аднаўлялі, але гэта нічога не мяняла: канкрэтных вынікаў як не было, так і няма.

Грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойліва патрабуе ад кампетэнтных праваахоўных органаў правесці поўнае расследаванне ўсіх абставін знікнення Дзмітрыя Завадскага.

Мы заклікаем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці не забываць пра справу Дзмітрыя Завадскага і не даваць забыць яе ўладам да таго часу, пакуль не даведаемся ўсёй праўды пра гэтае злачынства, пакуль не будуць названыя імёны яго натхняльнікаў і выканаўцаў.

Прынята на пасяджэнні Праўлення Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" 07.07.2015 г.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!