327

Заява: БАЖ абураны ўмяшальніцтвам сілавікоў у працу БелаПАН

18.08.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Грамадскае аб'яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абуранае чарговым грубым ціскам на незалежныя медыя.

18 жніўня ў офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і ў кватэрах яе супрацоўнікаў праходзяць ператрусы ў межах крымінальнай справы. Доступ да сайта кампаніі заблакаваны. Падкрэсліваем, што гэта ўжо другі рэйд сілавікоў супраць БелаПАН ад пачатку года.

БелаПАН — старэйшае недзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі, якое дзесяцігоддзямі забяспечвае медыярынак праўдзівай, дакладнай і аператыўнай інфармацыяй.

Сёння вобшукі і допыты супрацоўнікаў праводзіліся ў межах крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Аднак відавочна, што падставы для пераследу палягаюць у тым кірунку на знішчэнне незалежнага сектара журналістыкі і грамадзянскай супольнасці, які ўлады ўзялі ў 2020 годзе.

Нагадаем, што ад жніўня 2020-га цягам года ГА “БАЖ” зафіксавала:

497 затрыманняў журналістаў, 119 з якіх сконччыліся арыштамі,  68 фактаў гвалту і раненняў журналістаў.

На сёння 29 прадстаўнікоў медыя ў няволі, а пад крымінальным пераследам знаходзіцца не менш за 50 медыяспецыялістаў.

Колькасць ператрусаў і аглядаў у кватэрах журналістаў і рэдакцый з улікам сёняшніх падзей дасягнула 140.

Заблакаваныя больш за 100 грамадска-палітычных сайтаў і медыя, 10 друкаваных перыядычных выданняў былі вымушаныя спыніць выпуск.

ГА "БАЖ" звяртаецца да ўладаў з заклікам неадкладна вызваліць затрыманых супрацоўнікаў БелаПАН і спыніць ціск на інфармацыйнае агентцтва, які, у тым ліку, у 2018 годзе, прывёў да смерці заснавальніка і кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая.

Можна закрыць незалежныя медыя, затрымаць іх супрацоўнікаў, застрашыць людзей — але ніхто не здольны стрымаць думкі і ідэі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!