4334

Завяршаецца рэгістрацыя на адукацыйны курс «Мабільная журналістыка: 6 крокаў да майстэрства лічбавага сторытэлінгу»

09.09.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Бясплатны адукацыйны курс «Мабільная журналістыка: 6 крокаў да майстэрства лічбавага сторытэлінгу» (рэгістрацыя да 10 верасня), Мінск – Вільня.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Установа “Цэнтр падрыхтоўкі медыяспецыялістаў Медыятрэнер” запрашаюць на бясплатны адукацыйны курс «Мабільная журналістыка: 6 крокаў да майстэрства лічбавага сторытэлінгу».

Мінск — Вільня, 14.09 — 27.10 2019 года.

Як з адным тэлефонам у руках хутка і якасна стварыць унікальны кантэнт і зрабіць з яго віртуальную гісторыю?

Мабільная журналістыка — гэта камбінацыя навыкаў і прыладаў лічбавага сторытэлінгу, прыдатных для стварэння як навінаў, так і лонгрыдаў, а таксама расследаванняў. Яе перавагі ў высокай інтэрактыўнасці, даступнасці і магчымасці хуткага рэагавання.

Ты даведаешся пра:

- абсталяванне і прыкладанні, якія дазваляюць журналісту працаваць дзе заўгодна;

- асаблівасці працы з мабільнымі фотаздымкамі і пра тое, што не адным толькі ўбудаваным у смартфон прыкладаннем жыве мабільная фатаграфія;

- што яшчэ цікавага можна зрабіць з фота, каб яно пераўтварылася на вачах ці змяніла фармат у залежнасці ад мэтаў;

- асноўныя тэхнічныя прыёмы здымак відэа.

Ты навучышся:

- візуалізаваць уласныя думкі, думаць «карцінкай»;

- у палявых умовах здымаць, атрымліваць добрый гук і мантаваць відэа на мабільных прыладах (Аndroid і iOS);

- рабіць 360° фотаздымкі і прафесійныя стрымы;

- з дапамогай мультымедыйных прылад ствараць вокладкі, прэзентацыі, візітоўкі і шмат чаго іншага;

- візуалізаваць пасты для сацсетак без неабходнасці ўключаць кампутар.

Курс надзвычай практыкаарыентаваны і прадугледжвае самастойную працу па здымках розных фарматаў фота і відэа, а таксама кансультацыі трэнераў.

Вынікам супрацы стане падрыхтоўка кожным удзельнікам сваёй гісторыі ў фармаце мабільнай журналістыкі.

Трэнеры курса: відэааператар тэлеканала "Белсат" Сяргей Кавалёў, медыятрэнер Алесь Залеўскі, медыятрэнер і намеснік галоўнага рэдактара сайта Mediakritika.by Антон Сурапін.

ДА ЎДЗЕЛУ ЗАПРАШАЮЦЦА: журналісты, студэнты факультэтаў журналістыкі, блогеры.

АПІСАННЕ КУРСА: Курс «Мабільная журналістыка: 6 крокаў да майстэрства лічбавага сторытэлінгу» распачнецца 14 верасня і завершыцца 27 кастрычніка 2019 г.

У межах курса ў Мінску па суботах з 11.00 да 14.00 пройдуць 6 заняткаў. Лепшыя з удзельнікаў пасля заканчэння курса змогуць патрапіць на майстар-клас замежнага трэнера ў Вільню.

Удзел у курсе бясплатны, колькасць удзельнікаў абмежаваная. 

Прыярытэт пры адборы аддаецца сябрам ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", якія не маюць запазычанасці па ўнёсках.

Падаць ЗАЯЎКУ НА ЎДЗЕЛ можна да 10 верасня, 23:59.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!