Cуд Гомельскага раёна 15 лістапада пакараў журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына адміністрацыйнымі штрафамі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП — кожнага на 20 базавых велічыняў (490 рублёў).
Суддзя Андрэй Сусла, які разглядаў міліцэйскія пратаколы, прызнаў журналістаў-фрылансераў вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.
Пастановы суддзя вынес завочна, без прысутнасці абвінавачаных — яны напісалі заявы, што не могуць прысутнічаць на пасяджэнні з прычыны занятасці.
Сёлета гэта ўжо 13-ы штраф Кастусю Жукоўскаму і 7-ы — Андрэю Толчыну, вынесены паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).