659

Заўтра – два рэзанансныя суды з удзелам журналістаў

08.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

9 чэрвеня а 10-й гадзіне Вярхоўны суд Беларусі пачне разгляд пазову фатографа Антона Матолькі да Белтэлерадыёкампаніі. А ў судзе Цэнтральнага раёна ў той жа дзень – працяг справы “Леанід Судаленка супраць “Белорусской военной газеты””.  

Пазоў Антона Матолькі, нагадаем, тычыцца выкарыстання Беларускім тэлебачаннем яго фотаздымкаў, паказаных у эфіры больш за год таму без яго дазволу. Яшчэ ў сакавіку 2015 года ён накіраваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ліст-прэтэнзію, у якім напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Фатограф прапанаваў публічна прынесці прабачэнні ў выпуску навін на “Беларусь 1”, заплаціць 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 5 млн 400 тысяч — у якасці кампенсацыі парушэння маёмасных правоў.

Тады старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў сваім адказе паведаміў фатографу, што фота было ў “свабодным доступе” ў інтэрнэце і што аўтар здымкаў не забараніў іх выкарыстанне. Прэтэнзію Матолькі Давыдзька назваў “неабгрунтаванай”, пры гэтым спаслаўшыся на законы “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” і “Аб сродках масавай інфармацыі”. 

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка ў красавіку звярнуўся ў суд з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”. Суадказчыкамі ў позве фігуруюць журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” (“Белорусская военная газета” – адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва “Ваяр”).  

Гаворка ідзе пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”. Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з-за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.

У публікацыі “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” гаварылася, што праваабаронца займаецца “антыармейскай агітацыяй”, “даносамі”, “ганьбіць сваю краіну” і “разбурае грамадства”. (Цытаты можна прачытаць ТУТ).

Судаленка лічыць, што  гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма.

Першая сустрэча ў судзе адбылася 16 мая. Між тым, Кажэўнікаў працягвае публікаваць у сацыяльных сетках зневажальныя нататкі на адрас праваабаронцаў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!