НЕ - ВАЙНЕ!
747

Затрыманыя сужэнцы-журналісты, імаверна, на “Валадарцы” – паводле “народнага артыкула”

12.10.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Праз тыдзень пасля затрымання сужэнцаў-журналістаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец іх сябрам удалося даведацца, што, мяркуючы па ўсім, яны знаходзяцца ў сталічным СІЗА №1. Ім інкрымінуюць ужо сумна вядомы артыкул Крымінальнага кодэкса за “масавыя беспарадкі”. 

Пра затрыманне ў Мінску сужэнцаў Аляксандра Лычаўкі і Сняжаны Інанец стала вядома 6 кастрычніка. На наступны дзень горшыя падазрэнні адносна таго, што сувязь з імі знікла невыпадкова, пацвердзіліся: у адным з тэлеграм-каналаў, блізкім да ГУБАЗіК (падраздзяленне МУС практычна цалкам сканцэнтравалася на барацьбе з іншадумствам) з’явілася “пакаяльнае відэа”. У кадры муж і жонка вымушана кажуць, што, былі падпісаныя на “дэструктыўныя каналы”, у жніўні 2020 года удзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту.

Як гэта часта здараецца з палітызаванымі абвінавачаннямі, пасля гэтага ніякіх звестак датычна развіцця сітуацыі не паступала. Аднак выглядае, што абмежавацца адміністрацыйным пакараннем не ўдасца. Прынамсі ўсё сведчыць на тое, што затрымалі не на “суткі”.

Сябры затрыманых сужэнцаў-журналістаў у размове са службай маніторынгу БАЖ падзяліліся, што абодвух вінавацяць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – “арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў ці арганізацый пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства”.

Санкцыя за “злачынства” прадугледжвае арышт альбо абмежаванне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў. Крымінальны артыкул нефармальна ўжо атрымаў назву “народнага”, паколькі на яго падставе прыцягнутыя да адказнасці (і працягваюць затрымлівацца) шматлікія апаненты цяперашніх беларускіх уладаў. 

Аляксандр Лычаўка супрацоўнічаў з выданнем The Village, захапляўся краязнаўчай журналістыкай. Сняжана Інанец раней была ў штаце інфармацыйнага партала Tut.by, а пасля яго ліквідацыі ўладамі працавала ў рэдакцыі інтэрнэт-рэсурса Onliner. 

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў зняволенні знаходзяцца 33 супрацоўнікі медыяў.  

Чытайце яшчэ:

У Менску прайшоў сэмінар для прапагандыстаў дзяржаўных СМІ і фэйкавых экспэртаў замежжа. Сярод арганізатараў — інстытут UNESCO

«С презрением относимся к сокрытию общественно важной информации». История успеха кыргызского издания «Клооп»

Лукашэнка даў ордэн Скарыны кіраўніку тэлерадыёкампаніі «Мір», якая прапагандуе вайну

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!