614 0

Затрыманых па "справе БелТА" не могуць трымаць пад вартай больш за 72 гадзіны

09.08.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Юрыст ГА "БАЖ" Алег Агееў тлумачыць асаблівасці заканадаўства, якое дзейнічае ў дачыненні да затрыманых па "справе БелТА".

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі, усіх затрыманых па "справе БелТА" не могуць трымаць пад вартай больш за 72 гадзіны. Гэты артыкул адносіцца да катэгорыі злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі.

Максімальнае пакаранне за дадзенае злачынства прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі. Гэта значыць, што за гэтае злачынства чалавеку нельга абраць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Адпаведна, усіх затрыманых 7 жніўня павінны адпусціць 10 жніўня з ізалятара на Акрэсціна.

Следчым камітэтам па матэрыялах праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Падставай да завядзення крымінальнай справы паслужыла паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «БелТА» аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпісцы паслуг, якія падаваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго заказчыкаў.  У ходзе праверкі супрацоўнікамі МУС выяўленыя факты неправамернага доступу да кампутарнай інфармацыі, уласнікам якой з'яўляецца «БелТА».