1621

Затрыманы ў Лідзе журналіст Юрый Дзяшук — падазраваны па крымінальнай справе. Яго змясцілі ў ізалятар

22.01.2021 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Затрыманы ў сераду незалежны журналіст Юрый Дзяшук з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе аб злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса). Журналіст быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны да прыняцця рашэння аб абранні меры стрымання. Пра гэта паведамілі родныя Юрыя Дзешука.

Родныя мяркуюць, што затрыманне журналіста звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення актывіста Вітольда Ашурка ў судзе.

20 студзеня ў Лідзе міліцыя затрымлівала многіх, хто прысутнічаў на агалошванні прысуду Ашурку. Журналістка Вольга Быкоўская на сваёй старонцы ў Facebook размясціла відэа інцыдэнту пасля суда над Ашуркам, які адбыўся 18 студзеня. На ім бачна, як людзі ў залі абураюцца прысудам і крычаць “Ганьба!” і “Верым! Можам! Пераможам!”.

Але на відэа выразна бачна, што Юрый Дзяшук (справа ў белым шаліку) заняты выключана журналісцкай працай — ён увесь час здымае падзеі на тэлефон. Іншых акалічнасцяў справы мы пакуль не ведаем.

Такім чынам на сёння ў Беларусі ўжо 10 прадстаўнікоў медыя знаходзяцца за кратамі па крымінальных справах.

Рэпрэсіі супраць журналістаў у 2021 годзе (табліца, спіс арыштаваных)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!