735

Затрыманы да суда журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў ВІДЭА

08.05.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Магілёве сёння затрыманы журналіст Аляксандр Буракоў (старэйшы). У дачыненні да яго складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту. Пасля Ленінскага РАУС яго адправяць у ізалятар часовага ўтрымання да суда, магчыма, да 11 траўня.

Александр Бураков

Аляксандр Буракоў паспеў паведаміць калегам, што лічыць сваё затрыманне абсалютна незаконным і расцэньвае яго як ціск.

Пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага (блог «Страна для жизни») 6 мая побач з ІЧУ ў Магілёве сабраліся каля 100 чалавек, якія хацелі выказаць яму падтрымку. Аляксандр Буракоў там прысутнічаў як журналіст.

Сёння ў магілёўскіх судах пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да некалькіх затрыманых за ўдзел у акцыі ў падтрымку каманды блогера Ціханоўскага.

Аляксандр Буракоў знаходзіўся каля будынка суда разам з іншымі журналістамі і праваабаронцамі ў чаканні пачатку судовых працэсаў. Там ён і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

5 мая каля 17:30 на Віцебскім праспекце ў Магілёве побач са стадыёнам «Тарпеда» супрацоўнікі ДАІ спынілі дзве машыны з камандай «Краіна для жыцця» блогера Сяргея Ціханоўскага, якая прыехала ў Магілёў на сустрэчу з падпісантамі. Аднак жыхарам Магілёва ўдалося прадухіліць затрыманне блогераў міліцыяй.  Буракоў прысутнічаў падчас гэтых падзей у якасці журналіста. На думку праваабаронцаў, менавіта гэты эпізод яму паспрабуюць інкрымінаваць супрацоўнікі міліцыі, як удзел у несанкцыянаванай акцыі.

Карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” стала вядома, што Аляксандр Буракоў змешчаны ў ІЧУ ў Магілеве. Журналіст будзе знаходзіцца там да панядзелка, пакуль яго адміністрацыйную справу не разгледзіць суд.

Таксама ў Магілёве затрымалі да суда журналіста Міхаіла Аршынскага «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». З аналагічным абвінавачаннем затрыманы і журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач.

Міхаіл Аршынскі выклаў у інтэрнэт відэазапіс падзей 5 мая ў Магілёве, калі некалькі дзясяткаў магілёўцаў не далі супрацоўнікам міліцыі затрымаць прыхільніка Сяргея Ціханоўскага на Віцебскім праспекце.

Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!