1527

Затрыманы былы рэдактар папулярнага Тэлеграм-канала Раман Пратасевіч

23.05.2021

У аэрапорце "Мінск" затрыманы Раман Пратасевіч. Ён знаходзіўся на борце самалёта, які ляцеў па курсе Афіны-Вільня. Самалёт рэзка змяніў курс і прызямліўся ў Мінску.

Самалёт раптоўна падаў сігнал бедства і памяняў курс. Прычынай экстраннай пасадкі стаў сігнал аб мініраванні. Самалёт праверылі, бомбу не знайшлі, а ўсіх пасажыраў адправілі на паўторны дагляд. Сярод іх быў Раман Пратасевіч. Яго затрымалі.

Телеграм-канал "Пул першага" паведаміў, што "па даручэнні галоўнакамандуючага для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік. Зараз МіГ-29 чакае, пакуль завершацца неабходныя праверачныя мерапрыемствы, каб суправадзіць самалёт да мяжы з Літвой".

Раман Пратасевіч — экс-рэдактар і рэдактар Тэлеграм-каналаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі. Ён унесены беларускімі ўладамі ў спіс тэрарыстаў і быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук.

У лістападзе 2020 года Следчы камітэт Беларусі абвінаваціў у арганізацыі масавых беспарадкаў у краіне стваральніка папулярнага Telegram-канала Сцяпана Пуцілу і экс-рэдактара ​​Рамана Пратасевіча. СК вынес пастанову аб прыцягненні іх у якасці абвінавачаных па арт. 293, арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Акрамя таго, супраць Пуцілы і Пратасевіча распачалі крымінальную справу па ч. 3 арт. 130 КК «у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці», а менавіта супраць «прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў». Зроблена гэта было «пасродкам створаных і кіраваных імі Telegram-каналаў», гаворыцца ў паведамленні СК.

Следства вывучыла інфармацыю, якую публікавалі ў Telegram Пуціла і Пратасевіч, і прыйшло да высновы, што яны заклікалі да забастовак, блакавання дарог, каардынавалі няўзгодненыя акцыі пратэсту, размяшчаючы дадзеныя аб маршрутах руху і датах мерапрыемстваў.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!