2043

Затрыманую ў Стоўбцах здымачную групу адпусцілі (дапоўнена)

07.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Затрыманні журналістаў

7 красавіка ў Стоўбцах (Мінская вобл.) ахова філіі Мінскага маторнага завода затрымлівала незалежную журналістку Ганну Нежавец і аператара Аляксандра Масальскага. Яны здымалі будынак завода звонку.

Каля 13.15 ахова завода затрымала журналістаў і стала патрабаваць выдаліць відэа, спасылаючыся на тое, што завод – гэта рэжымны аб’ект. Яны выканалі патрабаванне, але іх утрымлівалі ўсё роўна, пакуль тыя не напісалі тлумачэнні на імя начальніка завода. Прыкладна праз гадзіну журналістаў адпусцілі.

“У нас не было мэты здымаць менавіта гэты завод, проста патрэбныя былі перабіўкі з выявамі нейкага прадпрыемства, – распавяла прэс-службе ГА “БАЖ” Ганна Нежавец. – Ахоўнік жа сцвярджаў – у кадры ёсць дрот, і гэта, маўляў,  азначае, што мы хочам паказаць жыццё нашых людзей як у канцлагеры”.

Па словах журналісткі, ахоўнік патэлефанаваў у мясцовае аддзяленне КДБ. Аднак там, пачуўшы, што затрыманне адбылося нават не на тэрыторыі завода, сказалі, што нікуды не паедуць.

“Відаць, гэта нейкая асабістая ініцыятыва ахоўніка, які ў мінулым, па яго словах, працаваў у расійскіх спецслужбах”, – зазначыла Ганна.