700

Затрыманні журналістаў 4 кастрычніка: пяць чалавек застаюцца ў ІЧУ да суда

05.10.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Цягам дня 4 кастрычніка ў Беларусі былі затрыманыя 16 журналістаў. Большасць з іх пасля праверкі дакументаў адпусцілі з міліцэйскіх пастарункаў.

Але пяць чалавек засталіся ў ізалятарах часовага ўтрымання да суда па адміністрацыйных працэсах. Меркавана, усіх будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных пратэстах. Гэта — Надзея Пужынская (Гомель), Марына Маўчанава, Алеся Лацінская, Дзяніс Носаў, Юрый Камісараў (Бабруйск).

Гомель

Затрыманая відэакарэспандэнтка «Сильных новостей» Надзея Пужынская. Журналістку затрымалі каля ІЧУ, куды яна несла перадачу затрыманым калегам — Ганне і Дзянісу Якштасам. На яе склалі пратакол за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Надзею затрымалі за нявызначанае «несанкцыянаванае мерапрыемства». Заснавальніку гомельскага папулярнага медыя "Сильные новости" Пятру Кузняцову пацвердзілі ў Гомельскім абласным УУС, што Пужынскую затрымалі — «у сувязі з вядзеннем адміністрацыйнага працэсу паводле артыкула 23.34». На пытанне, за які эпізод яе затрымалі, калі яна не ўдзельнічала ў масавых мерапрыемствах, прадстаўнік УУС Віталь Прыстромаў адказаў: «Не магу вам сказаць, мяркую, там ёсць падставы».

Журналістку да суда пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання.

 

Віцебск

Былі затрыманыя журналістка TUT.by і БелаПАН Таццяна Матвеева, журналіст TUT.by і "Народнай Волі" Алесь Пілецкі,  рэдактар «Народных навінаў Віцебска» Сяргей Серабро. Усіх адпусцілі пасля "прафілактычных гутарак".

Затрыманне віцебскіх журналістаў Таццяны Матвеевай, Алеся Пілецкага і Сержука Серабро. Фота: "Белсат"

 

Гродна

Затрыманы блогер Андрэй Ірха на Савецкай плошчы ў Гродне падчас вядзення стрыму. Андрэя Ірху адпусцілі, але склалі пратакол апытання, забралі тэлефон. Яго некалькі разоў ударылі ў твар пры затрыманні. Пыталіся, ці ён будзе яшчэ здымаць стрымы. Пры затрыманні моцна сцягнулі рукі пластыкавай сцяжкай.

Затрымалі журналістак Вольгу Камягіну і Кацярыну Гардзееву. Яны журналісты "Народнай Волі" і TUT.BY. Пасля праверкі дакументаў і прафілактычных гутарак адпусцілі.

Затрыманне Вольгі Камягінай і Кацярыны Гардзеевай. Фота: "Белсат"

 

 

Мінск

Затрымалі і адпусцілі: фатографа "БелГазеты" Дар'ю Сапранецкую, карэспандэнта Onliner Аляксандра Уладыку.

Пасля Дар'і Сапранецкай пазванілі з Кастрычніцкага РУУС Мінска і патрабавалі, каб яна туды вярнулася.  А да яе кватэры прыйшлі міліцыянты і АМАП — усе былі ў балаклавах, па словах журналісткі. Дар'я паабяцала заўтра прыйсці ў РУУС Кастрычніцкага раёна, каб азнаёміцца з адміністрацыйным пратаколам. Дзверы ім не адчыніла, увесь час вёўся стрым з кватэры.

Сілавікі сышлі.

Сёння ў Мінску быў таксама затрыманы журналіст газеты "Белорусы и рынок" Алег Шапялюк. Пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі. А ўвечары, як і ў выпадку Сапранецкай, да яго прыехалі сілавікі.

 

Бабруйск

Затрымалі і пакінулі да суда: Марыну Маўчанаву, Алесю Лацінскую, Дзяніса Носава і Юрыя Камісарава. Заўтра будзе суд. Пра гэта БАЖ па тэлефоне паведаміла Марына Маўчанава, якой дазволілі патэлефанаваць.

У Марыны Маўчанавай і Алесі Лацінскай ёсць маленькія дзеці.

Марыну Маўчанаву ноччу з ізалятара даставілі ў гарадскую бальніцу з гіпертанічным крызам. Раніцай ёй было лепш, але журналістка застанецца ў бальніцы.

Трое іншых затрыманых у Бабруйску журналістаў па-ранейшаму застаюцца ў ізалятары да суда.

 

Брэст

Затрымалі галоўнага рэдактара гарадскога анлайн-часопіса "Бінокль" Ксенію Пятровіч, фотакарэспандэнта «Брестской газеты» Алега Палішчука. Іх адпусцілі з РУУСа пасля праверкі дакументаў.

Ксенія Пятровіч і Алег Палішчук пасля выхаду з РУУСа

 

 

Магілёў

Быў затрыманы журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў — адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!