987

Затрыманні журналістаў 1 лістапада, ёсць збітыя АБНОЎЛЕНА

01.11.2020 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

1 лістапада ў Мінску адбываўся пратэстны марш да Курапатаў — месца расстрэлу, пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Па шляху да Курапатаў сілавікі шмат разоў разганялі натоўп. Былі затрыманыя, пацярпелі і журналісты.

Былі затрыманыя адразу тры журналісты выдання "Новы Час".

Фотакарэспандэнт Дзмітрый Дзмітрыеў быў моцна збіты падчас затрымання. Пра гэта ён паспеў паведаміць жонцы. Таксама ён сказаў, што прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава сказала, што з Дзмітрыевым будуць разбірацца на агульных умовах, не зважаючы на тое, што ён журналіст.

Дзмітрый Дзмітрыеў штатны журналіст "Новага Часу", меў бэйдж, дакументы. На Дзмітрыя склалі два пратаколы — па 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы).

Пазаштатныя журналісты "НЧ" Аляксандр Зяньковіч, Яна Трусіла пасля затрымання былі адпраўленыя у Кастрычніцкі РУУС Мінска.

Таксама быў затрыманы журналіст-аператар Зміцер Солтан. Яго збілі, забралі камеру і тэлефон. Адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС Мінска.

Вечарам з Кастрычніцкага РУУС выпусцілі непаўналетняга хлопца, які распавёў: "Аператара «Белсата» Дзмітрыя Солтана білі пры затрыманні, білі ў аўтазаку, потым білі камерай па галаве. Камеру разбілі". Ці сапраўды гэта так, можна будзе спраўдзіць у самога Дзмітрыя. Але пакуль ён у зняволенні.

Таксама ўвечары стала вядома, што ў Кастрычніцкім РУУСе знаходзіцца відэааператар Зміцер Краўчук, які супрацоўнічае з тэлеканалам Белсат. Пра затрыманне Змітра паведамілі сваякі. Абставіны затрымання невядомыя.

Па стане на 22:40, Дзмітрый Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч, Яна Трусіла, Зміцер Солтан і Зміцер Краўчук застаюцца затрыманымі. Хутчэй за ўсё, яны будуць чакаць судоў у ізалятарах.

-------

Таксама у пачатку марша затрымлівалі журналіста ТАСС Юрыя Шамшура. Пасля праверкі дакументаў яго адпусцілі.

Затрымлівалі журналістку Алену Ляшкевіч. Яна — аўтарка "Новага Часу". Праверылі дакументы, адпусцілі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!