7806

Затрыманні і перашкоды ў працы журналістаў 25 сакавіка

26.03.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На вечар суботы стала вядома аб вызваленні ў Мінску ўсіх журналістаў апроч Дзяніса Івашына (сайт InformNapalm) і Аляксандра Баразенкі ("Белсат") - іх адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, у панядзелак журналістаў будуць судзіць. У чым канкрэтна вінавацяць Баразенку і Івашына невядома.

Папярэдне мяркуецца, што працэсы пройдуць у Фрунзенскім (Івашын) і Маскоўскім (Баразенка) раённых судах.

Акрамя таго, у Віцебску застаецца затрыманым Арцём Сізінцаў, "Радыё Рацыя". У панядзелак, 27  сакавіка, яго будуць судзіць. Меркавана, за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Брытанскага журналіста закавалі ў кайданкі і білі па твары

Рэпрэсіі супраць журналістаў у Беларусі ў 2017 годзе (Табліца, абнаўляецца)

-----------

Гомель. Затрыманую Ларысу Шчыракову адпусцілі вечарам з РАУСа. Але склалі пратакол (высвятляецца за што канкрэтна).

Мінск. Вызвалілі Арцёма Шрайбмана (TUT.BY). Журналіст паведаміў, што Аляксандра Баразенку (Белсат), які быў з ім, хутчэй за ўсё не вызваляць.

Яраш Мікіта — "Ганцевічскі час", Першамайскі РАУС, вызвалілі - узялі адбіткі, перапісалі дадзеныя, зафіксавалі асаблівыя прыкметы. 

Сілавікі білі па твары журналістку Вольгу Морва (грамадзянка Францыі). Яна не плануе падаваць заяву, хоча хутчэй з'ехаць з Беларусі.

Быў затрыманы сябра ГА "БАЖ" Валер Шчукін. Яго даставілі ў Заводскі РУУС Мінска, а потым — у вайсковы шпіталь з гіпертанічным крызам. 

Мінск. Затрыманыя Філіп Ворвік (Велікабрытанія), Андрэй Дубінін  — адпусіцлі.

Мінск. На Кастрычніцкай плошчы за Палацам рэспублікі амапаўцы пабілі журналістаў Кацярыну Бахвалаву, Ігара Ільяша, Вольгу Давыдаву.

Кацярына Бахвалава: "Мы хацелі паказаць тэхніку, якая сканцэнтравана за Палацам рэспублікі. Дайшлі да месца. і там на нас няляцелі 4-5 чалавек у масках, ва ўісім чорным. Пачалі затрымліваць, валіць на зямлю, пінаць. Мне накаленнікам патрапілі па нізу жывата. На нас пакуль няма бачных слядоў збіцця, калі праявяцца сінякі, будзем падаваць заяву. Адпусцілі нас пасля таго, як нехта пазваніў гэтым людзям. Ва ўсіх былі закрытыя твары. Толькі ў аднаго з адкрытым тварам я спытала "навошта ты гэта робіш?". Ён мне сказаў: "Паедзеш зараз на 15 сутак,  табе лячыцца трэба". Я крычала, калі мяне білі на зямлі, бо гэта балюча і страшна, калі цябе б'юць пяць узброеных мужчын. Я паказвала пасведчанне БелаПАН, але гэты чалавек вырваў з рук і сказаў, што пасведчанне несапраўднае".

Мінск: Да журналісткі Марыны Кастылянчанкі ўламілася міліцыя У кватэры ідзе вобшук. У пад’ездзе дома стаяць супрацоўнікі АМАПу. На месцы – праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Уладзімр Лабковіч і Алесь Бяляцкі, якія прыехалі высветліць сітуацыю і падтрымаць дзяўчыну. Марыну затрымалі. Знаходзіцца ў Савецкім РАУСе.

Мінск. Была затрыманая пазаштатная журналістка "Новага Часу" Зінаіда Цімошак. Яе завезлі ў Леніскі РАУС Мінска. Пазней адпусцілі.

Мінск. 16.30. Стала вядома, што затрыманы журналіст Станіслаў Івашкевіч. Каля 18-й гадзіны яго вызвалілі.

Мінск. 16.15. З Завадскога РАУС вызвалілі журналістаў "КП у Беларусі", "Нашай Нівы", Любоў Лунёву, Дзмітрыя Буянава і Генадзя Барбарыча. З Першамайскага - Вольгу Быкоўскую, з Маскоўскага - Захара Шчарбакова.

Мінск. Затрыманыя журналісты Мікіта Яраш (газета "Ганцавіцкі час") Аляксандр Баразенка (Белсат), Арцём Шрайбман (TUT.BY), Уладзімір Грыдзін (БелаПАН), расійскі фатограф Антон Карлінер, рэдактар сайта InformNapalm Дзяніс Івашын. Затрыманыя журналісты Любоў Лунёва і Дзмітрый Буянаў, міліцыя разбіла камеру пры затрыманні. Вязуць у РАУС. Затрыманыя журналісты Захар Шчарбакоў, Зміцер Карэнка. Таксама затрыманыя журналісты "КП у Беларусі" Ірына Козлік, Дар'я Пуцейка, Ганна Рыбчынская, галоўны рэдактар Андрэй Ляўкоўскі. Затрыманы журналісты Генадзь Барбарыч ("Радыё Рацыя") і Генадзь Шарыпкін (radio france internationale, акрэдытацыя МЗС). Шарыпкіна вызвалілі пасля праверкі дакументаў. Мінск. Затрыманыя журналісты "Нашай Нівы" Ірына Арахоўская і Арцём гарбацэвіч.

Гомель. Затрыманыя два журналісты Алена Бычкова, Іван Ярывановіч, Алена Германовіч, Ларыса Шчыракова. Праз гадзіну пасля затрымання Алену Германовіч (БелаПАН) вызвалілі, астатнія на той момант заставаліся ў міліцыі.

Мінск. Затрымалі журналістку Вольгу Быкоўскую. Быкоўскую вязуць у Першамайскі РАУС Мінска.

Орша: Мусіць выйсці на свабоду пасля арышту Віктар Андрэеў, рэдактар рэгіянальнага сайта orshatut.by. Андрэеў быў затрыманы 12 сакавіка пасля акцыі супраць «дэкрэту пра дармаедаў» у Оршы.

Віцебск. Затрыманыя журналісты "Белсата" Вольга Чайчыц і Андрэй Козел. Козела і Чайчыц адпусцілі, міліцыянты паабяцалі адправіць інфармацыю па месцы жыхарства Чайчыц, каб яе паставілі на ўлік як сацыяльна-небяспечную сям'ю. Затрымалі карэспандэнта "Радыё Рацыя" па Віцебскай вобласці Арцёма Сівенцава.

Мінск. Падчас "хапуна" у офісе закрытага ўладамі ПЦ "Вясна" затрыманы журналіскі Марыя Радэ, Таццяна Гаўрыльчык і Ганна Бадзяка. Журналістак вызвалілі праз 1,5 гадзіны пасля затрымання.

Мінск. 13.25. Журналіст "Новага часу" Уладзіслаў Рубанаў не змог прайсці да Акадэміі навук, дзе, меркавана, мусіць пачацца вулічная акцыя. Ад Парку чалюскінцаў стаяць міліцыянты і правяраюць людзей, якія ідуць у бок Акадэміі навук. У Рубанава папрасілі "акрэдытацыю" — рэдакцыйнае пасведчанне і рэдакцыйнае заданне не задаволілі міліцыянтаў. Яны не дазволілі журналісту прайсці.

Гомель. На 10 гадзін раніцы ў суботу журналістаў Марыю Булавінскую, Марыну Драбышэўскую, Кастуся Жукоўскага і Яўгена Меркіса выклікалі у міліцыю нібыта для складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні. Журналістаў апыталі адносна ранейшых сюжэтаў. Супраць Яўгена Меркіса складзены 2 адміністрацыйных пратаколы. Пасля гэтага журналісты вызваленыя.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!