2116

Затрыманага ў Светлагорску фрылансера вызвалілі

13.04.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Алены Маслюковай, spring96.org Сюжэт: Затрыманні журналістаў

У Светлагорску 13 красавіка каля 14-й гадзіны міліцыя затрымала гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. Ён правёў у пастарунку каля 2 гадзін і даў міліцыянтам тлумачэнні.

Пра затрыманне журналіста паведаміла сайту spring96.org відавочца падзеяў, жыхарка Светлагорска Алена Маслюкова.

У будынку Светлагорскага райвыканкама ў 14.00 планавалася сустрэча кіраўніцтва раёна з індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

Там жа, каля будынка, знаходзіўся журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі з камерай. Да яго падышла супрацоўніца аддзелу ідэалагічнай працы райвыканкама Ала Манькевіч і заявіла, што фрылансер не мае права праводзіць здымкі. Кастусь Жукоўскі адказаў, што здымаць на відэа не забаронена заканадаўствам. Тады ідэолаг выклікала міліцыю, якая прыбыла за лічаныя хвіліны. На той момант фрылансер ужо зайшоў у будынак райвыканкама.

«Я бачыла, што яго міліцыя выводзіла з будынку, літаральна цягнула, з ужываннем сілы. Кастуся Жукоўскага павезлі ў РАУС для разбіральніцтва», – удакладніла Алена Маслюкова ў гутарцы са spring96.org.

Журналіста-фрылансера сёлета ўжо 6 разоў штрафавалі паводле арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а па сутнасці – супраца з замежным СМ без акрэдытацыі). Агулам сума яго штрафаў перавышае 70 млн рублёў. Cлуханні чарговай аналагічнай адміністрацыйнай справы ў дачыненні да журналіста маюць адбыцца 15 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля а 14-й гадзіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!