226

Затрымалі каардынатарку валянтэрскай службы «Вясны», у яе кватэры правялі ператрус

18.09.2020 Крыніца: spring96.org

Увечары 17 верасня ў Мінску была затрымана каардынатарка валанцёрскай службы пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» Марыя Рабкова. Разам з ёй быў затрыманы яе муж Вадзім Жаромскі. Праз некалькі гадзін яго адпусцілі.

Прыкладна каля 9 гадзін вечара Марыя і Вадзім вярталіся дамоў па вуліцы Ціміразева. Пасярэдзіне вуліцы спыніліся некалькі бусаў, адтуль выбеглі людзі і паклалі іх тварам у асфальт.

Ім паведамілі, што затрымалі іх у межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці).

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК).

Марыю і Вадзіма пасадзілі ў розныя мікрааўтобусы, Вадзіма павезлі ў кватэру на ператрус. Падчас ператрусу была забрана тэхніка, асабістыя рэчы, грошы на вучобу. Пасля гэтага Вадзіма павезлі на допыт у ГУБАЗіК, вадзілі па калідорах з мехам на галаве.

Пагражалі, што павязуць у ізалятар часовага ўтрымання, але раптам адпусцілі, сказаўшы, што на наступны дзень у яго адбудзецца допыт.

Марыя Рабкова дагэтуль затрымана. Дзе яна дакладна — ці яшчэ ў будынку ГУБАЗіК, ці яе перавялі ў іЧУ - дагэтуль невядома.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!