209

Заснавальніка гомельскіх «Моцных навін» Пятра Кузняцова ўжо паўгода надглядаюць на мяжы «аж да трусоў»

12.09.2019 Крыніца: Nn.by

Заснавальнік папулярнага гомельскага сайта «Моцныя навіны» Пятро Кузняцоў паскардзіўся, што апошнія паўгода ён, яго родныя і знаёмыя маюць стабільныя праблемы з праходжаннем мяжы.

«Гэта пачалося яшчэ ў мінулым сакавіку, напярэдадні Дня Волі. Тады быў паглыблены надгляд, потым яшчэ раз. Але праз нейкі час усё спынілася. Сёлета ў сакавіку, калі вярталіся кампаніяй з Варшавы, то зноў адбыўся паглыблены надгляд», — расказвае Пятро Кузняцоў.

«Потым тое самае паўтарылася ў красавіку, у маі, у жніўні, і вось цяпер жонка вярталася з Кіева, яе таксама надгледзелі. Праз гэта нават цягнік спазніўся ў Гомель на паўгадзіны. Гэта так званы паглыблены надгляд, таму правяраюць абсалютна ўсё. Калі ты на машыне, то машыну заганяюць у спецыяльны бокс. Калі з аўто, то гэта можа займаць па 2—3 гадзіны, калі без, то да паўгадзіны», — дзеліцца спадар Кузняцоў.

Ён кажа, што калі вёў палітычную дзейнасць, то надгляды адбываліся, але былі хутчэй перыядычнымі, чым сістэматычнымі. «У чым сэнс цяпер так правяраць, калі я ўжо не займаюся палітыкай. Ні пра якія базы памежнікі не кажуць. Апошні раз маёй жонцы сказалі: «Ну, вы самі можаце здагадацца».

Сайт «Моцныя навіны» з’яўляецца самым папулярным рэгіянальным інтэрнэт-рэсурсам.