749

Запрашаем на трэнінг па экалагічнай журналістыцы ў Маладзечне 28-29 верасня

25.09.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Хочаце, каб у вашай практыцы было месца не толькі для скандалаў-інтрыг-расследаванняў, але для добрага і вечнага? Будзьце ў трэндзе і ўлівайцеся ў экалагічную журналістыку!

Што

Не прапусціце самы экалагічны трэнінг, які вы толькі маглі сабе ўявіць. Арганізатары прыдумалі сюрпрызы, якія прыемна вас здзівяць.

А ў рэдакцыю верніцеся з вялізным спісам важных і праблемных экалагічных тэм, якія дакладна зойдуць вашай аўдыторыі. І будзеце дакладна ведаць, як іх лёгка і якасна распрацаваць.

Хто

Знаёмцеся з нашымі трэнерамі.

У першы дзень, 28 верасня, з вамі будзе працаваць Аляксандра Парахня. Аляксандра больш за пяць год займаецца экалагічнай журналістыкай. На яе рахунку яркія артыкулы, сумесныя з эколагамі рэйды і адвучаныя ад уцюхвання пакецікаў прадаўцы.

Аляксандра праманіторыць экалагічныя тэмы ў беларускіх СМІ, раскажа пра поспехі экалагічных актывістаў, дапаможа знайсці свежыя тэмы і падыходы. Вы даведаецеся пра незвычайныя формы падачы і як рабіць не трэба.

Вас чакае спаборніцтва па пошуку экалагічных цікавостак і конкурс на найлепшую ідэю артыкула пра экалогію.

29 верасня, у суботу, вашым трэнерам будзе намеснік дырэктара Цэнтра экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова.

Калі ў вас засталіся сумненні, што экалогія — перспектыўная галіна, Дар’я агучыць аргументы “За”. Яна стане экспертам рэальнай прэс-канферэнцыі, падчас якой можаце задаць пытанні, а адказы пасля скарыстаць у тэкстах. Яна ацэніць пытанні і парэкамендуе, пра што ў гэтай тэме варта было б запытацца дадаткова.

Яшчэ адзін блок – ацэнка вашых уласных рэчаў. Можаце захапіць бутэльку для вады, крэм ці іншыя рэчы, якія эксперт праверыць на экалагічнасць. А можаце сфатаграфаваць склад пральнага парашку, і яго таксама ацэняць.

Мы павучымся дзяліць смецце ў асобныя кантэйнеры. І кожны атрымае кансультацыю, якія экалагічныя тэмы будуць актуальныя менавіта для вашага выдання.

 

Дзе

Гатэль “Маладзечна”, ні за што не паверыце — у Маладзечне на Цэнтральнай плошчы, 3.

Калі

Пачатак 28 верасня (пятніца) ў 10 гадзін. Працуем да 18:00, пасля вячэра.

29 верасня (субота) працуем ад 9:00 да 18:00.

Як даехаць

Ад Гродна, Гудагая, Смаргоні, Ліды, Віцебска, Глыбокага, Полацка едуць цягнікі.

Ад Мінска можна даехаць электрычкай (каля 1:50 па часе). Больш зручна маршруткай. У дарозе каля 70 хвілін. Замовіць можна тут.

Дадаткова

Для тых, у каго з’явяцца жаданне і час, будзе магчымасць далучыцца да вечаровай прагулкі па культурнай сталіцы Міншчыны.

Хачу далучыцца!

Каб стаць удзельнікам, запоўніце АНКЕТУ (1 хвіліна). А мы адправім падрабязную праграму.