1173

Законапраект для абароны дзяцей ад “дэструктыўнай інфармацыі” рыхтуецца да другога чытання

15.03.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Заканадаўства ў галіне СМІ

Даступныя дзецям інфармацыйныя прадукты будуць маркіраваць, у тым ліку газеты, часопісы і тэлепраграмы. Пра гэта паведаміла ў часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

“Падрыхтаваны шматпланавы законапраект, які з'яўляецца вынікам калектыўнай працы тых, хто ў розных сферах абавязаны абараняць інфармацыйную прастору, выхоўваць маладое пакаленне і абмяжоўваць дзяцей ад дэструктыўнай інфармацыі”.

Міністэрства інфармацыі, па словах спн. Ананіч, працавала над дадаткамі да закона “Аб сродках масавай інфармацыі” і закона “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”.

“Сутнасць прапанаваных паправак – увесці комплекс захадаў па абароне дзяцей ад інфармацыі, што наносіць шкоду здароўю, развіццю, маральнасці. Маркіроўка прадукцыі дазволіць бацькам звярнуць увагу на тыя інфармацыйныя прадукты, якія даступныя дзіцяці, гаворка ідзе і пра газеты, і пра часопісы, і пра тэлепраграмы”.

Маркіраваць прадукцыю, якая распаўсюджваецца ў друкаваным і электронным выглядзе, будуць у адпаведнасці з крытэрамі аднясення да той ці іншай узроставай катэгорыі, зазначыла міністр.

“У нашай краіне ў інфармацыйным кантэксце мы будзем весці гэтую працу эфектыўна – дзяцей трэба абараняць. Для бацькоў гэта будзе дадатковай падставай звярнуць увагу, што чытае дзіця, якія праграмы ён глядзіць. Упэўненая, у пэўнай ступені гэта сістэматызуе і дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі – пасля ўнясення паправак у заканадаўства пэўныя змены павінны быць і ў сетцы вяшчання”, – падкрэсліла Лілія Ананіч.

Сваімі думкамі адносна законапраекта ўжо дзяліліся год таму журналісты і медыяэксперты. Галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава казала, што не бачыць праблемы ў тым, каб размяшчаць на галоўнай старонцы сайта папярэджанне, што інфармацыя "можа ўтрымліваць матэрыялы 18+".  "У самым імкненні неяк пазначыць інфармацыю, якая можа апынуцца шкоднай для дзяцей, я не бачу нічога дрэннага. І справа бацькоў або апекуноў вырашаць, што рабіць з гэтай інфармацыяй. Калі ж выкананне закона запатрабуе ад рэдакцый экспертызы кожнага матэрыялу, то гэта ўжо стане праблемай", – кажа Марына Золатава.

"12+". В Беларуси защитят детей от вредной информации