4266

Заканчваецца прыём заявак на курс «Тэлевізійны рэпартаж: праца ў кадры і за кадрам»

14.09.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адукацыйны курс. Мінск-Вільня. 19.09 — 29.11.2015.

Запрашаем журналістаў, якія хацелі б навучыцца ствараць відэарэпартажы: ад фармулёўкі ідэй да іх рэалізацыі ў выглядзе гатовых сюжэтаў.

Курс цалкам арыентаваны на практыку. За кароткі тэрмін удзельнікі засвояць тэхнічныя і творчыя аспекты здымак, мантажу, працы ў кадры, а таксама пазнаёмяцца з драматургіяй малых форм і асновамі сцэнарнага майстэрства.  

Удзельнікі курса атрымаюць унікальны набор алгарытмаў, якія дазволяць структураваць працу і ствараць якасныя рэпартажы нават у сітуацыі, калі бракуе часу.

Курс мае на мэце падрыхтоўку ўніверсальнага журналіста, які можа самастойна стварыць паўнавартасны экранны прадукт.

Праграма курса:

Тэлевізійны рэпартаж. Хто, што, дзе, калі, навошта і чаму? Уцягнутасць і аб’ектыўнасць.

Відэаздымкі. Як дасягнуць якасці, не страціўшы аператыўнасці? Тэхнічнае забеспячэнне і візуальныя рашэнні.

Праца ў кадры. Як «прабіваць» экран і «трымаць» гледача? Вобраз і харызма. 

Стварэнне сцэнару. Што больш істотна – тэкст ці “карцінка”? Інфармацыя і драматургія.  

Мантаж. Якія правілы можна, а якія – трэба парушаць? Крэатыў і тэхналогіі.

Па выніках курса кожны ўдзельнік, выкарыстоўваючы атрыманыя веды і досвед, з падтрымкай трэнераў падрыхтуе свой тэлевізійны рэпартаж.

Да ўдзелу запрашаюцца:

Журналісты, якія ўжо маюць досвед працы, выпускнікі факультэтаў журналістыкі альбо школ маладога журналіста, а таксама студэнты з Мінска і рэгіёнаў.

Удзельнікаў чакаюць восем майстар-класаў ад вядомых беларускіх тэлежурналістаў і аператараў.

Лепшыя з навучэнцаў па выніках курса атрымаюць магчымасць удзелу ў семінары за мяжой у лістападзе 2015 года.

Апісанне курса:

Курс «Тэлевізійны рэпартаж: праца ў кадры і за кадрам» распачнецца 19 верасня і скончыцца 29 лістапада.

Складаецца з васьмі заняткаў у Мінску і майстар-класа замежнага трэнера ў Вільні, які пройдзе ў лістападзе.

Заняткі будуць праводзіцца па суботах з 11.00 да 14.00.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца ад сябраў ГА «БАЖ» па электроннай пошце на адрас: baj@baj.by (з пазнакай «TV») ДА 15 ВЕРАСНЯ.

Ваша заяўка павінна ўтрымліваць:

1. Кароткі расповед пра сябе.

2. Абгрунтаванне свайго жадання ўдзельнічаць у курсе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!