НЕ - ВАЙНЕ!
2243

Заканчваецца 6-гадовы тэрмін працы ў АБСЕ Дуні Міятавіч

11.02.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

12 лютага ў Вене адбудзецца прыём у гонар Прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ Дуні Міятавіч, якая адпрацавала два тэрміны на гэтай пасадзе. Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец возьме ўдзел у цырымоніі.  

“Калі я дапамагла журналістам – я дасягнула сваёй мэты”, – заявіла Дуня Міятавіч ў інтэрв’ю Еўрапейскаму цэнтру свабоды прэсы напярэдадні сыходу.

– Калі я прыйшла на пасаду ў 2010 годзе, рэгіён АБСЕ выглядаў абсалютна інакш, – прыгадвае Дуня Міятавіч. – Была меншай пагроза з боку Аль-Каіды і іншых тэрарыстычных арганізацый; арабская вясна толькі пачыналася; у Масквы і Кіева былі добрыя стасункі; Эдвард Сноўдэн яшчэ не раскрыў нам сістэматычнага масавага назірання ў нашых грамадствах.

Безумоўна, пагрозы для СМІ і свабоды выказвання існавалі і дагэтуль. Журналістаў і раней пераследавалі, збівалі, саджалі ў турмы, нават забівалі за іх працу, інтэрнэт-рэгуляванне было ўведзена шмат у якіх рэгіёнах Еўропы, адзначае Дуня Міятавіч.

– Аднак я б сказала, што ў Еўропе была іншая атмасфера – атмасфера аптымізму, даверу, надзеі і чаканняў. Еўропа шмат у чым ішла ў слушным накірунку. Цяпер усё істотна памянялася. Надышлі больш небяспечныя часы. Нядаўнія тэрарыстычныя атакі і новыя лініі канфлікту ў Еўропе кідаюць выклік нашаму спосабу мыслення пра асноўныя правы чалавека, такія як свабода самавыяўлення і прыватнае жыццё.

Сумны факт, але наша ўласная бяспека стварыла адну з найвялікшых пагроз свабодзе слова, адзначае Дуня Міятавіч. У той жа час, у нашых грамадствах пануе атмасфера росту нецярпімасці да “асаблівых” меркаванняў. Усе разам гэтыя фактары стварылі небяспечную сумесь ціску і самацэнзуры ў Еўропе і за яе межамі. Акрамя таго, выклікі свабодным медыям у зонах канфліктаў часта звязаныя з прапагандай, скіраванай на распальванне нянавісці.  

– Небяспека цэнзуры і самацэнзуры таксама ўзрастаюць у атмасферы страху ў часе вайны супраць тэрору. Мы павінныя прызнаць, што ўзровень бяспекі, да якога мы імкнемся, верагодна, недасягальны. І што ў барацьбе з тэрарызмам патрэбныя эфектыўныя і прапарцыйныя законы. Я ні ў якім выпадку не кідаю выклік законнаму праву ўрадаў змагацца з тэрарызмам і абараняць нашы грамадствы. Але законы нельга ўжываць так, каб яны перашкаджалі працы журналістаў і ўціскалі свабоду СМІ.

“Не мая справа судзіць, што я зрабіла як Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ – няхай судзяць іншыя, – зазначыла Дуня Міятавіч. – Калі мая праца была карыснай для журналістаў, паспрыяла іх працы, дала ім свабоду, – я дасягнула сваёй мэты”.

Што да пераемніка – ён (альбо яна) самі павінны вызначыць свае прыярытэты і шлях, перакананая спн. Міятавіч. Але, зыходзячы з бягучых выклікаў свабодзе СМІ, Офіс АБСЕ павінен працягнуць клапаціцца пра бяспеку журналістаў ва ўсіх галінах і на ўсіх платформах, – перакананая яна.  

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!