319

«Захоўваць беларускае пытанне на сусветным парадку дня і працягваць праграмы для падтрымкі працы незалежных медыя і абароны калег»

23.02.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Дэлегацыя БАЖ прымае ўдзел у сустрэчы міжнароднай групы салідарнасці з Беларуссю ў Брусэлі.

Удзел у сустрэчы працоўнай групы прымаюць больш за дзесяць галоўных партнёрскіх арганізацый БАЖ: Еўрапеская федэрацыя журналістаў, Рэпарцёры без межаў, IFEX, Article'19, Камітэт абароны журналістаў, Human Rights Watch, Journalists for Justice, PEN America, Беларускі ПЭН і іншыя.

Група IFEX салідарнасці з Беларуссю была створана міжнароднымі арганізацыямі з удзелам БАЖ і Беларускага ПЭНа адразу пасля масавых пратэстаў 2020 года і з’яўляецца крыніцай інфармацыі і салідарных дзеянняў на карысць Беларусі для многіх міжнародных і міждзяржаўных структур.

У сваю чаргу, БАЖ імкнеццца быць пастаўшчыком актуальнай інфармацыя для групы пра журналістаў і медыя, а таксама стала інфармуе партнёраў пра актуальныя патрэбы і сумесных дзеянняў.

Беларускую асацыяцыю журналістаў на сустрэчах у Брусэлі на гэтым тыдні прадстаўляюць намеснікі старшыні арганізацыі Алег Агееў і Барыс Гарэцкі.

– Міжнародная салідарнасць з’яўляецца не толькі важнай маральнай падтрымкай для многіх беларускіх медыйшчыкаў, што трапілі пад рэпрэсіі, знаходзяцца за кратамі, вымушаныя былі выехаць альбо працягваюць жыць у страху ўнутры Беларусі. Гэта і важная пляцоўка, на якой мы можам расказаць, якія дзеянні міжнароднай супольнасці сёння найбольш важныя для незалежных беларускіх медыя, чаго канкрэтна медыйшчыкі чакаюць ад міжнароднай супольнасці і як мы разам можам зрабіць працу нашых калег больш паспяховай і абароненай, – гаворыць Барыс Гарэцкі.

– Менавіта таму мы працягнем актыўную камунікацыю з нашымі міжнароднымі партнёрамі, а таксама імкнемся пастаянна каардынаваць высілкі. Таксама вельмі важна, каб беларускае пытанне не знікала з парадку дня ў Еўропе і свеце, каб не былі забытыя ці адстаўленыя на трэці план нашы шматлікія калегі за кратамі ў Беларусі, – дадае Гарэцкі.

Таксама ў фокусе увагі сустрэчы ў Брусэлі супольныя дзеянні па абароне прадстаўнікоў культурнай сферы, якія таксама масава трапляюць пад рэпрэсіі ў Беларусі.

БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!