НЕ - ВАЙНЕ!
239

Захоплены праўладнымі хакерамі тг-канал "Бінокля” трапіў у спіс “экстрэмісцкіх”

29.06.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

У судзе Ленінскага раёна Брэста 17 чэрвеня адбыліся судовыя пасяджэнні аб прызнанні “экстрэмісцкімі матэрыяламі” адразу некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў: сайта платформы “Новая Беларусь” (www.newbel.info), YouTube-канала “Новая Беларусь — Рэформы для людзей”, а таксама тэлеграм-канала з назвай “Брэст Live”. 

Апошні рэсурс цікавы тым, што прыблізна год таму ён з’явіўся замест тэлеграм-канала незалежнага брэсцкага інтэрнэт-часопіса “Бінокль”.

У 2020 годзе “Бінокль” актыўна асвятляў акцыі пратэсту пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.

На пачатку 2021 года супрацоўнікі Дзяржкантролю прыйшлі з аглядам у кватэру выдаўца выдання Дар'і Герашчанкі і ў офіс фірмы яе мужа Паўла Герашчанкі.

Агляды праводзіліся нібыта ў сувязі з праверкай з прычыны нявыплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. У выніку сілавікі забралі з памяшканняў дакументы, пячаткі, нататнікі і камп'ютары. Неўзабаве сайт выдання binkl.by стаў недасяжным, а рэдакцыя на некаторы час страціла доступ да свайго тэлеграм-канала.

У траўні 2021 года невядомыя асобы ўзламалі тэлеграм-канал “Бінокль” і далі яму новую назву — “Брэст Live”. Узломшчыкі выдалілі ўсе папярэднія запісы і пачалі выстаўляць міліцэйскія зводкі. Сталі з'яўляцца праўладныя публікацыі, што таксама сведчыла пра захоп інтэрнэт-рэсурса.

Такім чынам, тэлеграм-канал “Брэст Live” на момант судовага працэсу ўяўляў сабой тыповы прапагандысцкі канал блізкі да сілавікоў. Аднак з невядомых прычын ён быў залічыны у спіс “экстрэмісцкіх”.

Дарэчы, як звяртаюць увагу мясцовыя праваабаронцы, адпаведанае рашэнне прымала брэсцкая суддзя Алена Кавальчук, якая ўжо паспела прызнаць “экстрэмісцкімі матэрыяламі” сама меней 38 інтэрнэт-рэсурсаў.

Яшчэ адна навіна на гэты конт прыйшла з Ганцавічаў: там 21 чэрвеня старшыня суда Ганцавіцкага раёна Аксана Зоткіна прызнала “экстрэмісцкімі матэрыяламі” групу ў Viber пад назвай “Горячие новости Ганцевичей”.

Адміністратары суполкі, даведаўшыся пра судовае рашэнне, перайменавалі групу ў “Холодные новости Ганцевичей”.

Чытайце яшчэ:

Упершыню за 44 гады: у «Вясёлкі» — новы галоўны рэдактар

Як Георгія Станкевіча спрабавалі двойчы асудзіць за публікацыю, якой ён не рабіў

З-за мяжы перастаў адкрывацца сайт спартыўнага выдання «Прэсбол»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!