678

Задушыць штрафамі? Журналістку Аліну Скрабунову дзясяты раз за сакавік пакаралі за прафесійную дзейнасць

18.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 23.5 КаАП

Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 18 сакавіка зноў пакараў штрафам за незаконны выраб прадукцыі СМІ журналістку Аліну Скрабунову. Суддзя Вольга Краўчанка прызначыла ёй штраф у памеры 30 базавых велічынь (870 рублёў) за сюжэт, які выйшаў у праграме "Навіны" на тэлеканале "Белсат".

 

У сюжэце распавядалася пра крымінальны працэс над магіляўчанінам Сяргеем Базука, якога абвінавачваюць, што ён раскідаў самарэзы перад будынкамі сілавых ведамстваў у Магілёве.

Пры разглядзе справы Скрабуновай ў судзе былі выкарыстаныя фотаздымкі, якія захоўваліся ў ноўтбуку журналісткі — камп’ютар  міліцыянты забралі ў яе пасля ператрусу ў кватэры. Падобныя фотаздымкі фігуравалі ў артыкуле пра Базука на сайце тэлеканала “Белсат”. Для суддзі Краўчанка гэтага было дастаткова, каб прызнаць Аліну Скрабунову вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі СМІ і аштрафаваць яе за парушэнне ч.3 арт. 23.5 КаАП.

Нагадаем, гэта ўжо дзясяты штраф журналістцы ад пачатку сакавіка гэтага года. Агульная сума штрафаў Скрабуновой склала 7540 рублёў.

За апошнія гады ў Магілёве часцей за ўсё штрафы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, якой зараз у новай рэдакцыі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адпавядае ч. 3 арт. 23.5, атрымлівалі журналістка Аліна Скрабунова і відэаператар Аляксандр Сідарэўскі.

Зараз Скрабунова і Сідарэўскі знаходзяцца за межамі Беларусі. Раней у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Аліна Скрабунова запэўніла, што ў хуткім часе яны збіраюцца вярнуцца, каб і далей працягваць сваю працу ў Магілёве.

Сябры ГА “БАЖ” з Магілёва выказалі меркаванне, што эпапея са штрафамі Аліне Скрабуновай у судах Магілёва з’яўляецца своеасаблівым ціскам, каб у яе прапала ўсялякае жаданне вяртацца на радзіму — бо непад’ёмныя штрафы выплаціць вельмі складана.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!