247

За верш у камэнтары на блогерку «Снимать разрешено» завялі крымінальную справу

03.03.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Відэаблогерку Вольгу Жураўскую вінавацяць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. У дачыненні да яе Першамайскі РАУС Віцебска распачаў крымінальную справу паводле артыкула 369 КК РБ. 

Падставай стаў размешчаны на YouTube-канале “Снимать разрешено” відэаролік пад назвай “Нязваныя госці / працяг гісторыі”. У ім блогерка распавядае, як да яе прыходзілі міліцыянты, каб пазнаёміць з заявай, напісанай маёрам міліцыі Андрэем Шчагловым. Апошні лічыць, што блогерка абразіла яго, калі ён забараняў ёй здымаць сябе на праспекце Перамогі ў Віцебску — то бок падчас выканання службовых абавязкаў. Сітуацыю Вольга Жураўская апісала ў відэароліку “Адпачынак у выходны дзень”: галоўная яе прэтэнзія палягала ў тым, што міліцыянт у цывільным не назваўся належным чынам.  

У відэароліку “Нязваныя госці/працяг гісторыі” блогерка каментуе спробу маёра міліцыі прыцягнуць яе да адказнасці, ужываючы словы “тупы і адбіты” і да т. п.

Паводле Жураўскай, лінгвістычная экспэртыза, праведзеная падчас праверкі па папярэдняй заяве міліцыянта Шчаглова, не прызнала іх абразлівымі. Але міліцыянт звярнуў увагу на адзін з каментароў, які быў напісаны ў вершаванай форме і ўтрымліваў ненарматыўную лексіку.

Вольга Жураўская сцвярджае, што верш размясціў адзін з гледачоў. Зараз у каментарах яго няма: блогерка кажа, што вершаваны водгук знік, калі яе відэаканал на YouTube ў снежні 2019 года ўзламалі невядомыя асобы. Прыкладна тады ж праваахоўнікі правялі ў кватэры блогеркі ператрус з выняткам камп’ютарнай і відэатэхнікі для правядзення экспертызы. Па словах Жураўскай, усе тэхніка дагэтуль знаходзяцца ў Следчым камітэце.

Крымінальную справу ў дачыненні да Вольгі Жураўскай распачалі яшчэ ў лютым, зараз ідзе следства.

У  адпаведнасці з артыкулам 369 КК, вінаватага могуць пакараць грамадскімі працамі  альбо штрафам, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!