2476

За ўдзел у фотасесіі "З птушкамі і клеткамі" – трое сутак пад арыштам

03.12.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

3-га снежня суддзя Чыгуначнага райсуда Віцебска Алена Цыганкова пакарала трыма суткамі арышту жыхара Віцебска Пятра Бярлінава. Яна прызнала яго вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, як і іншых удзельнікаў фотасесіі на фоне графіці, намаляванага на сцяне былога раённага Дома культуры на вуліцы Ільінскага ў Віцебску. Гэтыя суткі ён ужо адбыў за кратамі з моманту затрымання да суда.

У часе фотасесіі Пётр Бярлінаў трымаў у руках дзвюх папяровых птушак. Ён распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ”, чаму далучыўся да журналістаў – ён проста хацеў бліжэй з імі пазнаёміцца, каб папрасіць у іх дапамогі.

"Я выпадкова апынуўся ў гэтым месцы – паблізу ў мяне была прызначана іншая сустрэча. Пазнаў пару журналістаў, якія пісалі пра мяне і маю праблему – высяленне з участка, які ў мяне забралі "з патрэбы дзяржавы". Я патрабую кампенсацыі, звяртаюся ў розныя інстанцыі, суды, таму хацеў бы і інфармацыйнай падтрымкі. І калі ўбачыў, што знаёмыя журналісты фатаграфуюцца, вырашыў далучыцца. Ідэя была прыгожая – птушкі ў руках, усе людзі прыстойныя. У мяне і ў думках не было, што за гэта нас абвінавацяць у правапарушэнні!"

Калі міліцыя пачала высвятляць асобы людзей на размешчаных у інтэрнэце фотаздымках, то пачала шукаць і Пятра Бярлінава. Паколькі ён прынцыпова адмаўляецца перасяліцца ў кватэру, якую далі ўзамен зямельнага ўчастка, знайсці яго было складана. Аднак міліцыя вызначыла яго месцазнаходжанне і затрымала проста на вуліцы. Адбылося гэта 28 лістапада, і адразу пасля складання пратакола за нібыта "несанкцыянаванае пікетаванне" Пятра Бярлінава накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда, прызначанага на 1 снежня.

Потым суд перанеслі, бо спадар Бярлінаў папрасіў часу на пошукі адваката. І ўжо 3 снежня суддзя Алена Цыганкова пастанавіла, што ён заслугоўвае пакарання трыма суткамі арышту - акурат столькі ён і адбыў пад вартай з мінулай пятніцы па панядзелак.

Пакаранне Пётр Бярлінаў лічыць несправядлівым, бо не меў на мэце нешта "выказваць" на "несанкцыянаваным пікеце", а хацеў пакінуць свае кантакты журналістам і падтрымаць ідэю сфатаграфавацца на фоне гарадскога краявіду.

Іншым удзельнікам фотасесіі, нагадаем, прысуджалі грашовыя штрафы. Штраф памерам 20 базавых велічыняў прасуджаны сябрам ГА "БАЖ", журналістам Алене Сцяпанавай (суддзя Дзяніс Губанаў), Кастусю Мардзвінцаву (суддзя Алена Цыганкова), Змітру Казакевічу (суддзя Алена Цыганкова). Штраф памерам 18 базавых велічыняў прысуджаны актывістцы аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў) – суд "пашкадаваў" яе за тое, што яна мае траіх дзяцей, з якіх двое – непаўнагадовыя. Самы вялікі штраф - 25 базавых велічыняў, далі каардынатарцы аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таццяне Севярынец (суддзя Алена Цыганкова). "За тое, што ў яе "апазіцыйнае прозвішча"", - жартоўна каментуе спадарыня Таццяна. Выкліку на суд чакае праваабаронца, сябар ГА "БАЖ" Павел Левінаў.