978

За сюжэт пра людзей з інваліднасцю журналістку пакаралі штрафам у 50 базавых

12.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Ленінскага раёна Магілёва 11 красавіка вынес рашэнне аб пакаранні журналісткі-фрылансера штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1275 рублёў) за сюжэт пра кафэ, у якім працуюць інваліды.

Суддзя Аксана Ратнікава прызнала журналістку Аліну Скрабунову  вінаватай ва “ўдзеле ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ”, бо відэасюжэт пра адкрыццё інклюзіўнага кафэ ў гандлёвым цэнтры “Парк-Сіці” ў Магілёве, дзе працуюць інваліды-калясачнікі, быў паказаны на тэлеканале “Белсат”. Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна працуе на замежны тэлеканал без акрэдытацыі, хоць сама Скрабунова сцвярджала, што ў яе няма працоўнай дамовы ні з “Белсатам”, ні з іншым замежным СМІ.

Разгляд адміністрацыйнай справы Аліны Скрабуновай цягнуўся ў судзе Ленінскага раёна Магілёва некалькіх дзён. Участковы інспектар Ленінскага РАУС Магілёва Антон Гейгер дапусціў шматлікія парушэнні пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу, таму суддзя Ратнікава была вымушана вяртаць справу на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС.

У прыватнасці, падчас судовага слухання высветлілася, што была парушана працэдура апазнання: участковы Гейгер паказваў сведкам толькі адзін фотаздымак, каб яны апазналі Аліну Скрабунову як журналістку, якая брала інтэрв’ю. На сведкаў аказваўся псіхалагічны ціск. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні была няправільна пазначана дыспазіцыя — журналістку прыцягвалі да адказнасці за “ўдзел у вырабе прадукцыі СМІ”, хоць ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ прадугледжвае адказнасць менавіта за выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Таксама ў міліцэйскім пратаколе была недакладна ўказаная дата здзяйснення правапарушэння.

Супрацоўнікі міліцыі даволі хутка вярнулі дапрацаваную справу ў суд, бо 12 красавіка сканчаўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці паводле заканадаўства. 11 красавіка суддзя Аксана Ратнікава вынесла рашэнне аб пакаранні журналісткі штрафам у памеры 50 базавых велічынь. На просьбу Скрабуновай патлумачыць, за што менавіта яе пакаралі, суддзя адказаць адмовілася.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў пры разглядзе справы ў судзе, лічыць, што пераслед журналісткі з боку супрацоўнікаў міліцыі з’яўляецца прамым парушэннем канстытуцыйнага права свабоды слова і Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.