298

За рэпост з тг-канала «TUT.бай» мінчука пакаралі 15-сутачным арыштам

24.09.2021 Крыніца: spring96.org Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Учора каля 16:00 супрацоўнікі міліцыі затрымалі 36-гадовага Паўла Смірнова і даставілі яго ў Фрунзенскі РУУС для «прафілактычнай гутаркі». Згодна з паказаннямі міліцыянта, Павел раней удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таму яго адвезлі ў РУУС для «праверкі». 

Падчас гутаркі Смірноў аддаў міліцыянтам свой тэлефон, у якім яны знайшлі перасыл паведамлення з тг-канала TUT.бай у прыватнай перапісцы з сябрам 23 верасня.

За гэта на мінчука склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). 

Справу Паўла 24 верасня разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Полулех. Сваю віну мужчына прызнаў і дадаў, што не ведаў аб прызнанні тг-канала «экстрэмісцкім». Таксама сёння ў праўладных тг-каналах з’явілася пакаяльнае відэа са Смірновым.

У выніку, суддзя Полулех прызнала мужчыну вінаватым і арыштавала яго на 15 сутак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!