417

За рэпост у Facebook рагачоўская міліцыя хоча прыцягнуць да адказнасці мясцовага жыхара

19.03.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Рагачоўскі раённы суд 19 сакавіка адправіў на дапрацоўку ў мясцовы РАУС адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні жыхара райцэнтра Сяргея Аляксейкава.

Сергей Алексейков

Суддзя Валянціна Малюкова, якая разглядала справу, адзначыла найперш у адпаведнай пастанове, што міліцыяй не вызначаны тэрмін здзяйснення правапарушэння.

У верасні 2018 года Аляксейкаў пакаментаваў у Facebook у групе “За Европейскую Беларусь” матэрыял пад назвай “Спецназавец з Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку”. Жудасны ўчынак п’янага былога спецназаўца рагачовец назваў у рэпосце “шуняўскім “тэатралам”.

Сёлета на пачатку сакавіка капітан міліцыі Дзмітрый Мазакоўскі выклікаў Сяргея Аляксейкава ў РАУС, дзе прад’явіў скан ягонай старонкі ў Facebook. Міліцыянт заявіў, што Аляксейкаў падзяліўся публікацыяй сайта анархісцкай групы “Прамень”, які ўключаны ў спіс экстрэмісцкіх, і такім чынам парушыў заканадаўства. На гэтай падставе і быў складзены адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 17.11 КаАП.

У сваіх тлумачэннях у судзе 59-гадовы Сяргей Аляксейкаў параўнаў сітуацыю з рэпостам у сацыяльнай сетцы з дарожным рухам. Едзе кіроўца на аўтамашыне, хоча павярнуць налева. Няма забараняючага дарожнага знака — паварочвае, вісіць знак, што паварот забаронены — не паварочвае. А калі і паверне, то ведае, што парушае правілы.

“Так павінна быць і ў інтэрнэце, — зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” рагачовец Аляксейкаў. — Калі сайт занесены дзяржавай у спіс экстрэмісцкіх, павінна быць адпаведнае папярэджанне. Заблакавалі інфармацыйны партал “Хартыя’97”, і я бачу, што ён заблакаваны. У органах унутраных спраў створаны цэлыя аддзелы па выяўленні злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій.  Аднак складваецца ўражанне, што яны не столькі выяўляюць сапраўдных хакераў і парушальнікаў, колькі  займаюцца пошукамі нейкіх уяўных парушэнняў дзеля добрых планавых паказчыкаў”.

Прысутны ў судзе гомельскі праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, апроч тэрміну здзяйснення так званага парушэння, звяртае ўвагу і яшчэ на адну акалічнасць: сайт анархісцкай групы “Прамень” не з’яўляецца аўтарам матэрыяла “Спецназавец з Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку”. Публікацыя перашапачаткова была размешчаная ў слуцкай рэгіянальнай газеце “Інфа-Кур’ер”.

“Абвінавачаны міліцыяй Сяргей Аляксейкаў і ведаць не ведаў пра анархісцкую групу, занесеную ў спіс экстрэмісцкіх. Па сутнасці, ён перапосціў і пракаментаваў публікацыю з сайта Кurjer.info, і за гэта яго спрабуюць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Гэта яўная перадузятасць з боку міліцыі”, — кажа  праваабаронца Судаленка.