645

За рэпартаж для "Радыё Рацыя" на брэсцкага журналіста Яўгена Скрабца завялі справу

30.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Як распавёў Яўген Скрабец, яму патэлефанавалі з Лунінецкага РАУС і запрасілі на размову па заведзенай у дачыненні да журналіста адміністрацыйнай справе.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/brest_skriabec_arysht.jpg

Высветлілася, што справа тычыцца рэпартажу “З прыцэлам на перспектыву”, які з’явіўся на інтэрнэт-старонцы “Беларускага Радыё Рацыя”.

У матэрыяле распавядаецца пра дзейнасць паспяховага лунінецкага фермера Ўладзіміра Навіцкага. Сустрэча фермера з журналістамі адбылася падчас прэс-тура “БАЖДЖЭМ – маркоўны фрэш”, які ладзіла Лунінецкая філія ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

Падчас тэлефоннай размовы Яўген Скрабец даведаўся, што адміністрацыйны працэс распачаты ў сувязі з тым, што інтэрв’ю зроблена для замежнага СМІ, якое не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

— У мяне спыталі ці магу прыехаць у Лунінец, не ўдакладніўшы ці гэта будзе допыт, ці справу перададуць у суд, — кажа журналіст. – Дамовіліся на тым, што я буду чакаць позву альбо прывязуць у Лунінец пад прымусам”.

Журналіст лічыць, што ціск на яго і іншых незалежных журналістаў з боку праваахоўных органаў адбываецца мэтанакіравана па ўсёй Беларусі. Пры гэтым размова ідзе нават пра матэрыялы ў замежных СМІ, якія ня маюць палітычнай афарбоўкі.