У Гомелі ГУБАЗіК разграміў кватэру кандыдата філалагічных навук Наталлі Суславай — рэпрэсаванай выкладчыцы ўніверсітэта, а пазней супрацоўніцы мясцовага інфармацыйнага партала, закрытага ўладамі. Пра пагром у кватэры паведаміў праваабарончы цэнтр "Вясна".
Супраць Наталлі Суславай вядзецца крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК ("Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці") за інтэрв'ю беларускамоўнаму спадарожнікаваму тэлеканалу, які прызнаны ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем".
У інтэрв’ю спадарыня Наталля распавядала пра сына Паўла. Ён ваяваў ва Украіне ў складзе беларускага фармавання УСУ, быў камандзірам роты выведкі (пазыўны "Волат") і загінуў 15 траўня падчас выканання баявой задачы.
Пасмяротна Павел узнагароджаны медалём "Україна понад усё!". Медаль Паўла Волата на ўрачыстым воінскім рытуале перадалі яго маці.
Наталля Суслава ў 2020 годзе ўдзельнічала ў мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. За гэта яе двойчы каралі арыштам: на 8 і 10 сутак. Тады Суслава не стала пісаць тлумачэнні і чакаць прапановы пакінуць кафедру, а сама звольнілася з універсітэта імя Францішка Скарыны, дзе працяглы час выкладала рускую літататуру.
Напісала адразу дзве заявы – на далучэнне да страйку і на звальненне. Яна не баялася страціць працу, адказвала звычайна на пытанні словамі Уладзіміра Караткевіча: "Гіене – баяцца, сабаку – вішчаць, свінні рыцца ў гноі сваім, а льву патрэбны калючы гушчар, родны край і свабода ў ім".
Пазней Наталля стала супрацоўнічаць з мясцовым інфармацыйным парталам.
Калі ў Гомелі сілавікі пачалі наноў пераследаваць і заводзіць крымінальныя справы супраць ўдзельнікаў паслявыбарчых пратэстаў, Наталля Суслава з'ехала ва Украіну, дзе ваяваў яе адзіны сын.
Чытайце яшчэ:
Гена Кеснер — геній гісторый. 12 эпізодаў з жыцця крутога журналіста
У Латвіі анулявалі ліцэнзію расійскага тэлеканала "Дождж", які днямі трапіў у скандал
“Мы не хотим, чтобы Беларусь превратилась в черную информационную дыру”. О чем говорили на Форуме свободной журналистики