791

За гомельскую журналістку заступаецца Камітэт ААН

13.01.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальную скаргу намесніцы старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БАЖ”, журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

Адпаведнае паведамленне атрымаў юрыст ГА “БАЖ Леанід Судаленка – па даверанасці ён вядзе справу журналісткі ў міжнароднай інстанцыі.

Скарга датычыцца двух выпадкаў прыцягнення Шчыраковай да буйных грашовых штрафаў за падрыхтоўку матэрыялаў без акрэдытацыі ў МЗС на беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал "Белсат", які транслюе перадачы з Польшчы.

13 студзеня 2016 года суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі прысудзіў Ларысе  Шчыраковай штраф за зняты ў пасёлку Урыцкае і паказаны праз “Белсат” рэпартаж наконт праблем сельскіх жыхароў.

15 красавіка мінулага года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Піскуноў пакараў  журналістку-фрылансера буйным штрафам за рэпартаж пра ўцекачоў, зняты ў Гомельскім аддзяленні таварыства Чырвонага Крыжа.

“У Беларусі, – кажа Шчыракова, – я  абскарджвала штрафы ва ўсіх судах, у тым ліку і ў Вярхоўным. Звярталася з нагляднай скаргай да генеральнага пракурора, але безвынікова. Атрымліваецца,  што па так званых "белсатаўскіх справах" абароны ў краіне няма. Цяпер даводзіцца абараняць сваё права на збор і распаўсюд інфармацыі на міжнародным узроўні”.

Леанід Судаленка тлумачыць, што пасля рэгістрацыі скаргі Камітэт ААН па правах чалавека запытвае тлумачэнне ўраду Беларусі адносна пакарання журналісткі штрафамі, а пасля ацэньвае яго і выносіць свой вердыкт.

“Як і беларуская Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае самую сутнасць гэтага права. Упэўнены, што ў справе Шчыраковай будуць устаноўлены парушэнні правоў журналісткі”, – лічыць юрыст Судаленка.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!