493

За два інтэрв’ю фрылансера аштрафавалі больш чым на тысячу рублёў

26.01.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Суд Буда-Кашалёўскага раёна на падставе двух  адміністрацыйных пратаколаў пакараў гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага за інтэрв’юраванне  жыхароў вёсак Бушаўка і Кашалёва штрафам у памеры 1 127 рублёў.

У пастанове старшыні суда Уладзімiра Пракапенкі, які асабіста разглядаў адміністрацыйныя пратаколы, канстатуецца, што 21 лістапада 2017 года Жукоўскі “здзейсніў інтэрв’юіраванне жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна, пасля чаго выраблены ім аўдыё-відэа матэрыял быў прадэманстраваны 5 снежня 2017 года польскім спадарожнікавым тэлеканалам Белсат...". Гэта, паводле часткі 15, артыкула 1 закона аб СМІ з’яўляецца прадукцыяй сродкаў масавай  інфармацыі”.  І паколькі Жукоўскі не меў акрэдытацыі як карэспандэнт замежнага СМІ, то парушыў частку 2, артыкула 22.9 КаАП.

Назвы “матэрыяла” ў судовай  пастанове адсутнічае, але з пратакола малодшага сяржанта міліцыі Буда-Кашалёўскага РАУС Алега Маркава вядома, што гаворка ідзе пра сюжэт над назваю: “Марафет  перад прыездам Лукашэнкі скончыўся  трагедыяй”.  У ім распавядалася пра трагічны выпадак, калі з даху фермы ў вёсцы Бушаўка ўпаў і разбіўся насмерць рабочы Гомельскага хімзавода.  Ён чысціў дах да маючага адбыцца візіту ў вёску кіраўніка дзяржавы.

У вёсцы Кашалёва ў снежні 2017 года Жукоўскі запытваўся у мясцовых жыхароў наконт не прыбранай з палёў кукурузы. У пастанове суда таксама не сказана, які сюжэт маецца на ўвазе, хоць у адміністрацыйным пратаколе, які склаў малодшы ўчастковы інспектар  Яўген Шумілаў, ён называецца: “Саўгас пасеяў ураджай на балоце. Цяпер не можа сабраць”. Сюжэт гэты быў паказаны 6 снежня ў праграме “Аб’ектыў” на тэлеканале “Белсат”. У яго ёсць аўтар — Вольга  Жарнасек, але вінаватым застаўся фрылансер Жукоўскі, бо ягоныя відэаздымкі, размешчаныя на YouTube, скарыстаў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.

Суддзя Пракапенка вызначыў, што за кожнае інтэрв’ю фрылансера трэба штрафаваць на 30 базавых велічыняў, але праз частковае складанне пакаранняў вырашыў аштрафаваць Жукоўскага на 46 базавых велічыняў — 1 127 рублёў.

Сёлета гэта ўжо другі штраф фрылансеру Жукоўскаму, памер якога перавышае тысячу рублёў.

Адміністацыйныя пратаколы складзеныя таксама і на Андрэя Толчына, які дапамагаў Жукоўскаму ў “інтэрв’юраванні жыхароў Буда-Кашалёўскага раёна”.

“Свет становіцца турбулентным, небяспекі больш і для журналістаў”, — украінскі эксперт Юрый Луканаў

«Начосныя» фоты: вобразы ці абразы?

Андрэй Бастунец: Апладзірую Мінінфарму, які робіць усё, каб зруйнаваць высілкі МЗС па наладжванню адносінаў з Захадам