225

"За адсутнасцю патрэбы...", альбо Як карэспандэнта "Газеты Слонімскай" у Мастах у міліцыю не пусцілі

21.05.2020 Крыніца: Мікола КАНАНОВІЧ для BAJ.BY Сюжэт: Доступ да інфармацыі

5 лістапада 2019 года года пазаштатны карэспандэнт "ГС" Язэп Палубятка не змог патрапіць у Мастоўскі РАУС на разгляд адміністрацыйнай справы жыхара Мастоўшчыны Яўгена Воўка — не пусціў супрацоўнік райаддзела міліцыі В. Гузарэвіч.

Спадар Палубятка некалькі месяцаў абскарджваў гэтыя дзеянні міліцыянтаў.

Язэп Палубятка

Пра незаконныя, на яго думку, дзеянні афіцэра міліцыі Язэп Палубятка напісаў у заяве на імя начальніка Мастоўскага РАУС Э. Шастака, у якой прасіў правесці праверку па выкладзеных фактах, выняць відэазапіс з фае Мастоўскага РАУС, на якім бачна, як капітан міліцыі В. Гузарэвіч не пускае яго ў памяшканне, ды прыцягнуць вінаватага афіцэра да адказнасці.

Заява тая была напісана 14 лістапада 2019 года. У адказе на яе ад 29 лістапада начальнік РАУС палкоўнік міліцыі Э. Шастак напісаў, што існуюць ведамасныя нарматыўна-прававыя акты МУС РБ, якімі "ўстаноўлены парадак арганізацыі аховы аб`ектаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і прапускны рэжым у іх, у адпаведнасці з патрабаваннямі якіх Вы не былі дапушчаны на тэрыторыю ахоўнага аб`екта", канец цытаты.

Наступную заяву аб парушэнні яго правоў Язэп Палубятка даслаў начальніку УУС Гродзенскага аблвыканкама напрыканцы 2019 года. Акурат праз месяц, 27 студзеня 2020 года, журналіст атрымаў адказ з Гродна за подпісам начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС В. Баклагі, у якім пішацца: "Устаноўлена, што, знаходзячыся ў адміністрацыйным памяшканні РАУС, на прапанову яго супрацоўнікаў, Вы адмовіліся ад праходжання працэдуры асабістага агляду... Іншых перашкод для Вашага ўдзелу пры разглядзе адміністрацыйнай справы адносна Воўка Я.С., роўна як і ў дзеяннях супрацоўнікаў РАУС, не ўстаноўлена".

Але Палубятка сцвярджае, ён не адмаўляўся ад асабістага агляду. Доказам гэтаму можа служыць відэазапіс у фае будынка мастоўскай міліцыі. Пра гэта ён піша чарговы ліст ужо ў Міністэрства ўнутраных спраў у Мінск.

"...У пункце два заявы я прасіў праглядзець відэазапіс з фае Мастоўскага РАУС ад 5.11.2019 г. у інтэрвале: 13.50–14.50 гадзін. Адпаведны відэазапіс вёў капітан Гузарэвіч. Усё, што адбывалася ў гэты момант, сведчыць, што мне ніхто не прапаноўваў прайсці асабісты агляд. Як рабіў Гузарэвіч, каб я не трапіў на разгляд адміністрацыйнай справы, там відавочна засведчана. А рабіў ён тое з загаду намесніка начальніка Мастоўскага РАУС, начальніка крымінальнай міліцыі падпалкоўніка Кірылава, які разглядаў гэтую справу", — чытаем у звароце Язэпа Палубяткі ў МУС Беларусі.

Са сталіцы прыходзіць кароткі адказ за подпісам намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Рэспублікі Беларусь А. Каразея. "...Ваш зварот, які паступіў 27.02.2020 у Міністэрства ўнутраных спраў, накіраваны ва УУС Гродзенскага аблвыканкама для арганізацыі разгляду раней не разгледжанага доваду аб неадпаведнасці рэчаіснасці адказу Мастоўскага РАУС аб Вашай адмове 05.11.2019 прайсці надглядныя мерапрыемствы, што можа абвяргацца пералічанымі ў звароце відэазапісамі. Аб разглядзе звароту Вы будзеце праінфармаваны дадаткова", — чытаем у адказе з МУС.

Апошні ліст з Упраўлення унутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама за подпісам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі В. Стасюкевіча Палубятка атрымаў сёлета 18 сакавіка.

"...Устаноўлена, што 15.11.2019 першым намеснікам начальніка РАУС адпаведны відэазапіс быў прагледжаны, але ў сувязі з тым, што канструктыўнымі асаблівасці відэакамеры не прадугледжана гукавое суправаджэнне, ён на іншыя носьбіты інфармацыі не капіяваўся. Па стане на 30.12.2019 (на момант правядзення УУС першапачатковай праверкі) відэазапіс на серверы ПЭВМ РАУС не захаваўся ў сувязі са сканчэннем тэрміну захоўвання інфармацыі. Таксама за адсутнасцю патрэбы не капіяваўся на іншыя носьбіты відэазапіс, зроблены на персанальны відэарэгістратар былым супрацоўнікам РАУС Гузарэвічам В. А. У сувязі з гэтым задаволіць Вашы патрабаванні па паказаным факце не ўяўляецца магчымым... Пры паўторным звароце па вышэйзгаданых фактах скаргі будуць пакінуты без разгляду, а ў далейшым перапіска з Вамі будзе спынена", — падводзяць сваю рысу пад гэтай гісторыяй міліцыянеры.

— Вось так кола і замкнулася. Я не асабліва спадзяваўся, што ўдасца прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія не дапусцілі мяне на адкрыты разгляд справы Яўгена Ваўка. Але з гэтай перапіскі вельмі добра відаць, як сёння працуе ўвесь міліцэйскі апарат ад райаддзела міліцыі ў Мастах да МУС у Мінску, — зазначыў у размове Язэп Палубятка.

Фота з архіва аўтара

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!