НЕ - ВАЙНЕ!
416

За “абразу прэзідэнта” і “распальванне варожасці” судзяць карэспандэнта “Комсомольской правды” Генадзя Мажэйку

01.12.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

У Мінскім гарадскім судзе сёння пачынаецца працэс над карэспандэнтам газеты “Комсомольская правда” в Беларуси” Генадзем Мажэйкам. Палітвязня абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці).

На разгляд справы прызначана суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо мае досвед кантактавання з абвінавачанымі журналістамі – у канцы верасня менавіта яна асудзіла на 8 гадоў турмы былую супрацоўніцу Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну.

Сёння акурат 14 месяцаў, як Генадзь Мажэйка за кратамі.

Яго затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў “распальванні варожасці” ды “абразе прадстаўніка ўлады” (пазней замянілі на “абразу прэзідэнта”).

Падставай стала рэзанансная гісторыя, якая за два дні да таго здарылася ў Мінску. 28 верасня ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Systems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца ўзброеныя байцы КДБ. Гаспадар адмовіўся адчыняць дзверы, іх у выніку выбілі. Следам адбылася страляніна, падчас якой Андрэй Зельцэр забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.

Па гарачых слядах трагедыі карэспандэнт “Комсомольской правды” в Беларуси” Генадзь Мажэйка пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая літаральна некалькімі словамі цёпла згадала пра сябра дзяцінства. Аднак гэтага аказалася дастаткова для “прысуду”: у той жа вечар на распараджэнне Міністэрства інфармацыі сайт kp.by быў заблакаваны, а дзейнасць беларускай рэдакцыі фактычна паралізаваная — нібыта за спробу “гераізацыі тэрарыста”.

«У інтэрнэт-рэсурсе kp.by размешчана публікацыя са звесткамі, што спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі. Яны палягаюць у штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння паміж грамадствам і дзяржавай. Згодна з артыкулам 38 "Закона аб СМІ", у сродках масавай інфармацыі забаронены распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», — адзначалася тады ў паведамленні ведамства.

Прадчуваючы непажаданыя наступствы, Генадзь Мажэйка спрабаваў праз Расію выляцець у трэцюю краіну, але, як аказалася, супрацоўнікі ФСБ яго ўжо чакалі. Журналіста затрымалі проста ў аэрапорце і перадалі беларускім сілавікам. 

Спачатку яго змясцілі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання, пасля перавезлі ў жодзінскую Следчую турму № 8, а напрыканцы мінулага года зноў перавялі ў Мінск – ад таго часу ён у СІЗА № 1. Праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным зняволеным.

Выстаўленыя абвінавачанні 40-гадовы фігурант назваў абсурднымі, сваёй віны ні па адным з артыкулаў не прызнаў. Таксама стала вядома, што ў снежні 2021-га пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Лізавету Мацвееву, якая абараняла Генадзя Мажэйку.

Да зняволення журналіст жыў у Мінску разам з бацькамі, адразу пасля затрымання ў іх кватэры адбыўся ператрус. Сёлета сілавікі прыходзілі з “аглядам” паўторна, а бацьку і маці выклікалі на допыт – тыя адмовіліся даваць паказанні, але былі вымушаныя падпісаць паперу “аб неразгалошванні таямніцы следства”.

Генадзь Мажэйка адпрацаваў у беларускай рэдакцыі “Комсомольской правды” больш за дзесяць гадоў. Спецыялізаваўся на агульным тэмах – агляд новых гаджэтаў, навіны аўтамабільнага рынку, музычныя канцэрты і фестывалі.   

Акрамя журналістыкі, захапляўся фатаграфаваннем, атрымліваў узнагароды на спецыялізаваных конкурсах.

За кратамі Генадзь Мажэйка адзначыў 40-гадовы юбілей. 

Чытайце яшчэ:

Святлана Ціханоўская: “Без незалежных СМІ мы не зможам пабудаваць моцную дэмакратыю”

В Вильнюсе открылся Форум свободной журналистики

Беларускія ціктокеры – пагроза для рэжыму?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!