600

З журналісткі запатрабавалі штраф за Плошчу-2010

06.12.2019 Крыніца: Еўрарадыё

Журналістцы Вользе Чайчыц адключылі мабільнік, пагражалі заблакаваць правы кіроўцы і забараніць выезд за мяжу. Гэткім чынам судовая выканаўца Яна Васюк патрабавала аплаціць штраф за Плошчу-2010. Падрабязнасці гісторыі Вольга Чайчыц распавяла ў Фэйсбуку.

20 снежня 2010 года Чайчыц асудзілі за Плошчу-2010 на 1 050 000 рублёў (недэнамінаваных). Яна аплаціла штраф 26 студзеня 2011 года.

А на мінулым тыдні судовая выканаўца паведаміла ёй праз месенджар, што штраф дагэтуль не выплачаны. Як доказ яна даслала фота пастановы 2016 года аб прымусовым спагнанні штрафу на падставе пастановы суда Маскоўскага раёну Менску 2010 года. 

"Плацёжка ў мяне цудам захавалася. А калі б не. Я ж не абавязана яе захоўваць столькі часу. Прыйшлося б занава плаціць?" — абураецца журналістка.

Толькі пасля прад'яўлення дакумента ёй падключылі назад тэлефон. 

Тым не менш Чайчыц падала скаргі ў пракуратуру Дзяржынскага раёну і ў аддзел прымусовага выканання на дзеянні судовай выканаўцы Васюк. Журналістка ўпэўненая, што на яе і яе блізкіх ідзе ціск за прафесійную дзейнасць.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!